Беларускія тэксты

Агінскія

С. Асіноўскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У свеце музыкі ёсць творы, якія назаўсёды ўвайшлі ў яе цудоўную скарбніцу і вядомы кожнаму адукаванаму чалавеку, дзе б ён ні жыў: у Парыжы ці Мельбурне, Мінску ці Таганрогу. Не паспеюць прагучаць іх першыя акорды, а мы ўжо ведаем: гэта «Балеро» Равеля, а гэта «Танец маленькіх лебедзяў» Чайкоўскага. Увесь свет ведае і «Паланэз» Агінскага. Але не многія ведаюць, што гэты знакаміты паланэз самым цесным чынам звязаны з нашым краем, з Беларуссю.

Агінскія — старажытны беларускі магнацкі род. Як Радзівілы і Сапегі, Агінскія далі сваёй Бацькаўшчыне нямала розных грамадскіх дзеячаў — ад ваяводаў да гетманаў. Але трывала ўвайшлі ў гісторыю два з іх — Міхал Казімір і Міхал Клеафас. Першы з іх вядомы як дзяржаўны і грамадскі дзеяч, вялікі гетман літоўскі, другі — у асноўным як аўтар знакамітага паланэза, хаця і ён займаў значны пост, з’яўляючыся ў свой час вялікім скарбнікам літоўскім.

Міхал Казімір займаў высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гэта было звязана, як адзначаюць даследчыкі, не столькі з яго выдатнымі здольнасцямі, колькі са знатным паходжаннем. Дзяржаўныя справы не перашкаджалі яму многа падарожнічаць па Еўропе, дзе Міхал Казімір праявіў не столькі палітычныя, колькі музычныя таленты, якія высока ацаніў сам Дзідро. Меў Агінскі некаторае дачыненне і да вайсковых спраў, бо падчас паходу герцага Арлеанскага быў у яго ад’ютантам. Не цураўся будучы гетман і дыпламатыі. Вядома, што ў тагачасны Пецярбург ён прыязджаў у якасці саксонскага пасланніка.

У 1768 годзе Міхал Казімір стаў вялікім гетманам літоўскім, што раўназначна сучаснаму міністру абароны. Давялося яму і ваяваць. Падчас выступлення польскіх канфедэратаў супраць расійскага войска менавіта ён у 1771 годзе пад Нясвіжам атрымаў самую буйную перамогу. Поспех так ускружыў яму галаву, што Агінскі і сапраўды стаў лічыць сябе вялікім палкаводцам. Але ў хуткім часе Сувораў акружыў і ўшчэнт разбіў гетманскае войска.

Вайсковай славы Міхал Казімір сабе не здабыў. Найбольшую вядомасць яму прынесла будаўніцтва Агінскага канала паміж Ясельдай і Шчарай, а таксама тое, што яго стараннямі заштатны Слонім быў ператвораны ў «палескія Афіны». Ледзь не найлепшым у Рэчы Паспалітай лічыўся і прыдворны тэатр Агінскага, які дзейнічаў у васямнаццатым стагоддзі і паспяхова сапернічаў з каралеўскім тэатрам у Варшаве.

Мяркуюць, што пяру Міхала Казіміра належыць нямала музычных твораў, у тым ліку паланэзаў і нават опер. Але сусветную вядомасць атрымаў усё ж яго пляменнік Міхал Клеафас. Малодшаму Агінскаму хапіла ўсяго аднаго паланэза (але ж гэта «Развітанне з Радімай»!), каб назаўсёды абессмяроціць сваё імя.

Цікава, што падчас паўстання пад кіраўніцтвам нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі воіны ішлі ў бой пад «Марш паўстанцаў 1794 года». Яго аўтарам з’яўляўся Міхал Клеафас Агінскі, камандзір аднаго з паўстанцкіх атрадаў.

А знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» быў напісаны кампазітарам пад уплывам разгрому паўстання. Пасля гэтага Міхал Клеафас, як і тысячы яго паплечнікаў, назаўсёды пакінуў Бацькаўшчыну — Беларусь.

Гучыць чароўны паланэз, абуджае ў сэрцах людзей любоў да роднай зямлі. I гучаць яму вечна.