Беларускія тэксты

Апавяданне дарослага чалавека

М. Стэльмах

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Сяджу на лаўцы ў скверыку і размаўляю з Васькам. Толькі пачну шалясцець паперай, перагортваючы старонку, як з-пад кнігі высоўваецца чорная лапка і загортвае ліст назад. Я лёгенька адводжу лапку ўбок, і тут Васька выпускае кіпцюры. Праўда, ён разумее, што перашкаджае чытаць, і такімі ўжо вінаватымі вачыма глядзіць, што я вырашаю дараваць яму. Грозна ківаю пальцам і гавару, каб сядзеў ціхенька, а то больш з сабою ў парк не вазьму.

Васька згодна прыжмурвае вочы. Я зноў схіляюся над кнігай.

Перагортваю старонку… Не, так немагчыма. Васька не вытрымлівае і зноў перагортвае старонку кнігі назад.

— Ты ж абяцаў не турбаваць мяне. Схлусіў? — дакорліва ківаючы галавою, гавару яму.

Ён як быццам не разумее, што ад яго хочуць, і глядзіць на мяне з недаўменнем. Трэба нарэшце пакараць ката за непаслушэнства, хоць Васька і зусім маленькі. Толькі чацвёрты месяц пайшоў. Вырашыў пасадзіць коціка на дрэва. Няхай пасядзіць там, падумае, як перашкаджаць гаспадару.

Толькі пасадзіў Ваську на бліжэйшы сук, як пачуў голас ззаду:

— Навошта з кацяняці здзекуецеся? Яно ж безабароннае…

Вось табе і на! Трапіў, называецца, у сітуацыю. Нейкі прахожы, здаецца, думае, што тут крыўдзяць кацяня. Хоць добра, што ёсць на свеце чулыя людзі.

Але Васька не слухаецца, учапіўся кіпцюрамі за ствол і не адпускае.

Даводзіцца аддзіраць ад ствала кожную яго лапку асобна.

Ззаду ўвесь час чую нечае дыханне. Цікава, хто гэта? Відаць, бабулька або старэнькі дзядок. Хоча, каб я павярнуўся тварам, і тады ўжо не чакай дабра.

Ваську тым часам не падабаецца, што я аддзіраю яго кіпцюры, і ён жаласліва мяўкае.

Дыханне ззаду робіцца яшчэ глыбейшым, з подсвістам. Ну, зараз будзе!

Я хуценька азіраюся. Перада мной стаіць хлопчык, першакласнік, мабыць. I больш нікога. Кароткая паўза. Хлопчык мяняецца на вачах, вінавата просіць аддаць яму кацяня. Ён з такой надзеяй глядзіць на мяне і з такой любоўю на Ваську, што я нават разгубіўся. Не ведаю, што і адказаць. А хлопчык засоўвае руку ў кішэню і дастае адтуль нешта. Сонца якраз кінула мне ў вочы сноп яркіх промняў і асляпіла.

Расплюшчваю вочы і бачу хлопчыка з працягнутай рукою. На далоні серабрыста блішчыць металічны рубель.

— Вазьміце, калі ласка. Не дарма… — кажа ён.

Што пачынае тварыцца ў маёй душы! Я гатовы праваліцца скрозь зямлю. А хлопчык не разумее майго душэўнага стану, кажа, што ён ужо купіў Тузіка ў аднаго нядобрага дзядзькі, а цяпер просіць прадаць яму і коціка.

Мне ўсё ж удаецца растлумачыць хлопчыку, што кацяняці не пагражае ніякая бяда, што мы з ім шчыра сябруем, разам ходзім у гэты сквер адпачываць.

Васька ўважліва слухае. Сцвярджальна стрыжэ вушамі, мурлыкае сваю любімую песеньку.

Хлопчык развітваецца са мною. У кішэні ў яго ляжыць металічны рубель. На якую жывую істоту ён памяняе яго? На іншага Ваську, на звярка або птушку, якім пагражае бяда?

У гэту хвіліну мне сорамна за ўсіх нядобрых дзядзькаў на свеце.