Беларускія тэксты

Барсукі

Т. Дзярабіна

Чытаць гэты тэкст лацінкай

За гэтым барсучыным пасяленнем я назіраю ўжо некалькі гадоў. Калі выпадкова натрапіла ў бярэзніку на тарфяністы груд1, пранізаны ўваходамі-выхадамі, не магла ўявіць, наколькі прыцягальным для мяне стане гэты куток лесу з яго падземнымі жыхарамі. Напачатку я з’яўлялася тут толькі пры выпадку, затым — штомесячна і кожны раз знаходзіла пацвярджэнне таму, наколькі мізэрнае і скупое наша ўяўленне пра гэтага звера, спрадвечнага прадстаўніка нашай фаўны, своеасаблівага і цікавага ў многіх адносінах. Адзінае апраўданне гэтаму яго рэдкасць у прыродзе і скрытны лад жыцця. Усё тое, новае для мяне, што ўдалося за гэты час прыкмеціць і прасачыць, у большай частцы заканчвалася толькі пытаннямі. Пільных назіранняў тут недастаткова, без сучаснай тэхнічнай апаратуры не абысціся.

Прадаўгаваты ўзгорак і сямнаццаць уваходаў-выхадаў стваралі ўражанне вялікага барсучынага гарадка. Уяўленне так і малявала чараду барсукоў, якія шмыгаюць адзін за адным па падземных лабірынтах. Пазней давялося пераканацца, што пражывае там пастаянна толькі адна пара дарослых жывёлін.

Не толькі я наведваю барсукоў. Неяк у сакавіку ўбачыла тут сляды рысі. Яна прабыла даволі доўга, снег пад яе целам паспеў растаць. 3 зайздроснай рэгулярнасцю наведваюцца сюды і ваўкі.

У сакавіку стараюся прыходзіць часцей. Менавіта ў першай палове гэтага месяца барсукі пачынаюць з’яўляцца на паверхні пасля зімовага сну. Звычайна яшчэ ляжыць снег, але сляды барсукоў, якія выходзілі, абавязкова прывядуць да вялікіх праталін. На гэтых участках зямлі, добра прагрэтых сонцам, з’яўляюцца першыя вясновыя хады барсука. Гэта не азначае, што звяры непрабудна спалі ўсю зіму. Пры адлігах яны выходзяць і ў зімовыя месяцы, каб патаптацца ля нары, паблукаць у наваколлі, размяцца. Чым жа яны харчуюцца ў гэты час? Знаходзяць апалыя яблыкі ў садах, здабываюць мышападобных грызуноў, рыюцца ў траве ў пошуках лічынак.

Неяк восенню я не дачакалася сваіх барсукоў. «Ну не маглі яны сысці з такога выдатнага кормнага месца», — думала я з недаўменнем.

Знайшліся яны зусім недалёка: перамясціліся ў падземныя трубы ачышчальных збудаванняў свінакомплексу, які перастаў функцыянаваць пасля чарнобыльскай аварыі. I паводзяць яны сябе там, як у сваім гарадку: пастаянна чысцяць трубы, нацягваюць падсцілку, выграбаюць старую.

Трубы выходзяць у калодзежы, барсукі і іх прыстасавалі: то ў якасці прыбіральняў, то як месцы дзённых лежбішчаў. У асобныя раніцы я заставала звяркоў, калі яны спалі. У адным калодзежы — на сухім дне, у другім — на вялікіх кучах высахлай травы, загадзя нацяганай імі.

Відаць, ім тут спакайней…

Туманная снежаньская раніца. Цёпла. Ад моцных лістападаўскіх снегападаў нічога амаль не засталося. Накіроўваюся да калодзежаў праверыць барсукоў. Віск дзікоў чую здаля. Так і ёсць, апярэдзілі мяне. Парохкваючы і павіскваючы, раз-пораз торкаючыся лычамі ў зямлю, снуюць ад аднаго калодзежа да другога. Надзеі застаць барсукоў у калодзежы пасля такога шуму абсалютна ніякай. Заглядваю туды толькі па звычцы. У вялікай капе сухой травы спяць чатыры барсукі: маці і трое барсучанят, меншых за яе. Значыць, маладыя барсукі не спяшаюцца пайсці на самастойнае жыццё, засталіся зімаваць з маці. Спяць вельмі шумна: сапуць, глыбока ўздыхаюць. Барсучыха, скруціўшыся абаранкам, ляжыць з самага краю, бліжэй да выратавальнага ўвахода ў трубу. Нос прыкрыты лапай. Астатніх бачу суцэльным клубком. Зверху ні ў аднаго нос не тырчыць: або пад лапай, або ўторкнуты ў цёплы бок другога.

Вось яна, прыродная, выпрацаваная вякамі, звярыная мудрасць: дыхаць патрэбна сагрэтым паветрам. Ёй карыстаюцца каты, сабакі, усе драпежнікі: хаваюць у сне нос, уторкваюць яго ў поўсць, прыкрываюць лапай.