Беларускія тэксты

Беларуская кераміка

М. Кладаў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Гэта легенда нарадзілася на Беларусі даўно. Сястра каралевы Боны Марыся закахалася ў свайго слугу Гайду. Маладыя ведалі, што ніколі не быць ім разам. Але хіба амуравы стрэлы выбіраюць, у чыё сэрца патрапіць? Гайда рабіў цудоўныя вырабы з гліны і дарыў іх каханай.

Аднойчы Марыся папрасіла, каб ён знайшоў чырвоную гліну і стварыў партрэт дзяўчыны. Майстар-ганчар выканаў просьбу Марысі, але за гэта яму давялося аддаць сваё жыццё. А месца, дзе знайшлася чырвоная гліна, з таго часу пачалі называць Гайдукоўкай.

А яшчэ ёсць міф пра Пігмаліёна, які стварыў сваю чароўную Галатэю з гліны… Рамантычныя паданні, якія дайшлі да нас з даўніны, трэба ўспрымаць і як доказ таго, што гліна — незвычайны матэрыял.

Ствараць і рабіць вырабы з яе павінны людзі з тонкай, паэтычнай натурай, рамантыкі па складзе характару.

У простай гліне і ў вырабах з яе закладзены незвычайныя якасці, якія выкарыстоўвалі яшчэ нашы далёкія продкі. 3 яе рабілі посуд для вады і захавання розных прадуктаў. Ды і сучасныя гаспадыні добра ведаюць, што ў гладышы малако даўжэй не кісне. У гліняным посудзе доўга захоўваюцца грыбы і квашаная капуста. А тушанае ў керамічных гаршчочках мяса больш смачнае.

На любым нашым керамічным прадпрыемстве гліна праходзіць доўгі і складаны шлях, перш чым набыць абрысы таго або іншага вырабу. Яе апрацоўваюць, рыхтуюць масу. У залежнасці ад тэхналагічнага працэсу або фармуюць, або заліваюць у гіпсавыя формы, або падаюць да ганчароў. Пасля вырабы абпальваюць у печах, глазуруюць, дэкарыруюць, размалёўваюць. У нас ёсць сучасныя ганчарныя печы, тэхніка, аўтаматыка: мы ж уступілі ў дваццаць першае стагоддзе! I ўсё ж такі гліняная прадукцыя, як ніякая іншая, залежыць ад творчай фантазіі людзей, іх мастацкага густу, стараннасці, умення тонка адчуваць мяккасць і цеплыню гліны. Гэтыя якасці ў значнай меры ўласцівы жанчыне, таму на асноўных участках вытворчасці працуюць пераважна яны, удыхаюць у кавалачак гліны сваю душу, пяшчоту, ператвараюць яго ў сапраўдны твор мастацтва.

Прадпрыемства «Беларуская мастацкая кераміка» ў Радашковічах даволі маладое, яму ўсяго чвэрць стагоддзя, і яно пакуль не мае сваёй багатай гісторыі, але прадукцыя заслужыла сусветнае прызнанне: вырабы экспартуюцца ў Расію, Германію, Чэхію. Некалі, на пачатку свайго шляху, прадпрыемства выпускала простыя рэчы: талеркі, збаны, салатніцы… Сёння ж з канвеера выходзіць больш за сто відаў самых розных вырабаў: наборы для кавы, чаю, іншых напояў, кухонная кераміка, розныя вазы, падсвечнікі, сувеніры. Самабытныя мастакі абапіраюцца ў сваёй творчасці на беларускія народныя традыцыі, фальклор. Радашковіцкія керамічныя вырабы не зблытаеш ні з якімі: яны лёгкія, зграбныя, вытанчаныя і па форме, і па змесце.

Нездарма жыхары Беларусі, выязджаючы за мяжу, разам з сувенірамі з ільну вязуць і кераміку як сімвал нашай краіны: магутных зуброў, посуд і вазы, упрыгожаныя малюнкамі беларускіх краявідаў, керамічныя бутэлькі з нацыянальнымі напоямі, лампадкі і шмат чаго іншага.

На спажывецкім рынку канкурэнцыя заўсёды ёсць, і яна добры стымул для працы і штодзённага пошуку. Заводскія тэхнолагі разам з навуковымі супрацоўнікамі тэхналагічнага ўніверсітэта працуюць над тым, каб нашы керамічныя вырабы былі больш трывалымі, водаўстойлівымі і вогнеўстойлівымі.

А што ж наконт будучыні? У керамікі, у гліны яна ёсць. Чалавек, колькі жыве, імкнецца да дасканалага, а нашы вырабы не толькі маюць практычнае прызначэнне, але і нясуць у дом прыгажосць, добры мастацкі густ. Яны ствараюць утульнасць, надаюць жыллю своеасаблівы нацыянальны каларыт. Пакуль сакрэты гліны цалкам не раскрыты, у керамікі ёсць вялікія і цікавыя перспектывы развіцця.