Беларускі гуманіст
В. Дарашкевіч
Сярод гуманістаў беларускай народнасді, фарміраванне якой у асноўных сваіх рысах закончылася ў шаснаццатым стагоддзі, вядучае месца належыць Францыску Скарыну — беларускаму першадрукару, вучонаму, асветніку і культурнаму дзеячу, перакладчыку і пісьменніку, а таксама Міколу Гусоўскаму — паэту-лаціністу, сучасніку і суайчынніку свайго вучонага сабрата. Скарына адным з першых сярод усходніх славян стаў доктарам лекарскіх навук і доктарам свабодных мастацтваў. А Мікола Гусоўскі дасягнуў вышынь адукацыі, і пакінутая ім літаратурная спадчына, асабліва паэма «Песня пра зубра», па праву ўвайшла ў скарбніцу еўрапейскай культуры эпохі позняга Адраджэння.
Асаблівае значэнне набывае адкрыццё яркай паэтычнай зоркі, што цэлыя стагоддзі блукала па чужых арбітах. Іменна ён, Мікола Гусоўскі, выступаючы ў эпоху пашырэння гуманістычных ідэй у Еўропе са сваімі паэмамі і вершамі на лацінскай мове, стаў носьбітам новалацінскай паэтычнай традыцыі, якая па сваёй тэматыцы і ідэйным вырашэнні праблем істотна адрознівалася ад антычнай, сярэдневяковай традыцый.
Мікола Гусоўскі — адзін з самых адукаваных. людзей на радзіме, у краі «пад зоркай Палярнай», як называе паэт сваю краіну. Ён стаў адкрывальнікам рэалістычнага адлюстравання свету ў мастацкай літаратуры Усходняй Еўропы. Па сваім паходжанні Мікола Гусоўскі быў хутчэй за ўсё сынам княжацкага палясоўшчыка, а можа, і паляўнічага на беларускіх землях. Роднасць яго з беларускім народам можна распазнаць не толькі з паэмы «Песня пра зубра», але і з геаграфічных спасылак, што сустракаюцца ў іншых творах паэта. Акрамя таго, беларускае паходжанне аўтара можна прасачыць і па некаторых стылістычных асаблівасцях яго лацінскай мовы. Паэт-славянін застаўся самабытным творцам і патрыётам свайго народа і радзімы, хоць вымушаны быў пісаць па-лацінску, тагачаснай мовай навукі, мастацтва, міжнародных зносін у Еўропе.
3 гісторыі вядома, што ў 1518 годзе з Кракава, сталіцы Польшчы, адбыло ў Італію каралеўскае пасольства, каб схіліць Папу Рымскага да стварэння кааліцыі супраць туркаў і татар, якія сваімі пастаяннымі набегамі і нашэсцямі сур’ёзна пагражалі Полынчы і саюзнаму з ёй Вялікаму Княству Літоўскаму. У свіце пасла аказаўся і Мікола Гусоўскі, адукаваны і даравіты, улюбёны ў свой родны край. Гэты чалавек, якога называлі па тагачасных звычаях Міколам з Гусава, пакуль што пісар пры пасольстве, а ў хуткім часе і паэт.
Пасля прыезду з Рыма Гусоўскі не вярнуўся ў Беларусь, а застаўся жыць у Кракаве. Там былі напісаны яго паэмы і некалькі эпісталярных пасланняў у вершах.
Апошнія гады свайго жыцця паэт быў у апале, каралеўскі двор забыўся на свайго былога дыпламата і вершатворцу. Разбіты паралічом, але духоўна не зламаны, Мікола Гусоўскі дажываў свой век у нястачы і адзіноце. Выдаць паэму «Песня пра зубра» ў Вечным горадзе не ўдалося. Толькі ў Кракаве, калі гэту задуму падтрымала італьянская прынцэса Бона Сфорца, у той час польская каралева, паэма ў кастрычніку 1523 года выйшла ў свет.
Дзеяч нацыянальнай і лацінскай школы Беларусі, Мікола Гусоўскі, як і Францыск Скарына, імкнуўся ўпісаць гісторыю і культуру ўсходніх славян і літоўцаў у летапіс гуманістычнай культуры Еўропы, паказаць свой народ і сваю краіну сусветнай цывілізацыі.