Белы каменьчык
Э. Луканскі
Сонца краналася зямлі. Велізарнае, чырвонае, яно, здавалася, плавілася ў гарачым паветры і адыходзіла за гарызонт, стомлена паглядаючы на сваю дзённую працу. Спякота не спадала. У такія дні адзіны ратунак — возера. Да яго імкнуліся ўсе жыхары гарадка.
Наваколле напаўнялася смехам, крыкамі, музыкай, дзіцячым віскам, вокрыкамі бацькоў.
Я ішоў уздоўж берага, паступова аддаляючыся ад шуму. Дзівосныя скалы змяняліся адшліфаванымі камянямі. Яны ляжалі ўздоўж берага, быццам вялікія скульптуры ў майстэрні мастака. Вада і сонца — прылады нябачнага мастака-скульптара, якімі ён многія гады працаваў у майстэрні прыроды і стварыў гэта незвычайнае хараство.
Водная роўнядзь адлюстроўвала ўсе фарбы вячэрняга неба. Вось прабегла сітаўка, рэзка спынілася, нахіліла галоўку і зірнула на мяне. Памяць перанесла мяне за тысячу кіламетраў, у родную Беларусь, у маю маладосць.
У адной з вайсковых часцей мы выконвалі адказнае заданне. Нам прыходзілася працаваць днём і ноччу. Зразумеўшы, як мы стаміліся, камандзір рашыў даць нам дзень адпачынку. Але не просты, а з выездам на возера Нарач.
3 надвор’ем нам не пашанцавала: дзень быў не па-летняму халодны, цёмныя хмары праносіліся над возерам. Пакуль разгружалі машыну і ставілі палаткі, я пайшоў да паўразбуранай лазні. Туды вяла ледзь прыкметная сцяжынка.
3 вады выступалі камяні. На адным сядзела невялічкая птушка з вяртлявай галоўкай. Гэта была сітаўка. Яна ўвесь час рухалася.
Набягала хваля — птушка ўзлятала і завісала над каменем, схаваным пад вадой. Хваля ляніва адступала — сітаўка зноў садзілася на камень. Перад набегам новай хвалі яна ўзлятала, цешачыся сваёй спрытнасцю і смеласцю. Іншы раз сітаўка дзёрзка гуляла з хваляю: не ўзлятала пасля дотыку хвалі да каменя, а на сваіх высокіх ножках перабягала на другі край, маючы ў запасе нейкае імгненне, потым успырхвала.
Відовішча было захапляльным. Здавалася, птушка адчувала мой настрой і старалася яшчэ больш. Гэтае спаборніцтва з хваляй было быццам асэнсаванае.
Памятаю, у дзяцінстве мы, хлапчукі, таксама гулялі з хваляй. Калі яна адступала, спрабавалі як мага далей забегчы і своечасова рвануць назад, каб застацца сухімі.
Раптам хваля глыбока «ўдыхнула» і «выдыхнула». Удар аб камень быў мацнейшы. Сітаўка ўзляцела, аднак пырскі дасталі яе. Янасела, захвалявалася. Яўсміхнуўся. Сітаўка паглядзела ў мой бок, вочы яе свяціліся хітрынкай.
За спінай хтосьці ціха засмяяўся. Я павярнуўся і ўбачыў Якуба Коласа і Міхася Лынькова. Лынькова я сустракаў і раней, ён прыходзіў да нас у школу. Мы тады слухалі аўтара «Міколкіпаравоза», затаіўшы дыханне. Якуба Коласа я бачыў упершыню. Да гэтага ведаў яго толькі па фотаздымках.
Сітаўка пераляцела на большы камень, і хваля цяпер не даставала яе. Птушка паглядзела ў наш бок і паляцела. Якуб Колас прысеў на лодку і сказаў:
—Вось у каго трэба вучыцца дабрыні. Не саромейцеся, таварыш лейтэнант. Гэта вельмі добра, калі чалавек заўважае і адчувае прыгажосць. А ты, Міхась, казаў, што дрэннае надвор’е, дрэнны дзень. Не, дзень добры, а зрабіла яго добрым вось гэтая маленькая сітаўка.
Ён нахіліўся, зачарпнуў з дна рукою каменьчык. Вада сцякла, і на далоні засталося некалькі розных па афарбоўцы маленькіх каменьчыкаў. Адзін з іх быў беленькі. Абмыты вадой, ён здаваўся жамчужынкай. Якуб Колас павярнуўся да мяне:
— Старажытныя рымляне белым каменьчыкам адзначалі шчаслівыя дні. Трымайце, малады чалавек, на шчасце вось гэты белы каменьчык. Сёння быў добры дзень.
3 таго часу мінула шмат гадоў. А гэты маленькі белы каменьчык ляжыць у мяне за шклом у кніжнай шафе каля цудоўных КНІЖЯК ЯкубаКоласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка». I калі я бяру яго ў рукі, мне здаецца, што я зноў чую голас песняра, ціхі і добразычлівы. I ў такія хвіліны я сапраўды адчуваю сябе шчаслівым.