Бура на Дняпры
Д. Бедзік
Алег любіў сваё мястэчка, бо паблізу працякала магутная рака Дняпро. За выдатную вучобу і добрыя паводзіны маці падарыла сыну невялікую лодку. У вольны час ён браў з сабою сяброў, сядаў за вёслы, і яны з песнямі выплывалі на дняпроўскі прастор. Хлопчык бязмежна любіў гэтую цудоўную, вечна імклівую раку.
Маці з маленства прывучала Алега быць смелым і мужным. Алена Мікалаеўна ганарылася сынам. Яна верыла яму і была , ўпэўнена, што яе спрытны і кемлівы сын не трапіць у бяду.
Але аднойчы здарыўся з Алегам на Дняпры такі выпадак, які вельмі напалохаў маці і бабулю.
Гэта было ўлетку пасля спякотнага дня. Адвячоркам усё неба зацягнулі густыя чорныя хмары. Узняўся парывісты вецер. У Алега загарэліся вочы. Апынуцца ў буру з лодкай на Дняпры — гэта была яго даўняя мара.
ПІквал буры застаў Алега амаль пасярэдзіне ракі. Лодку пачало кідаць з хвалі на хвалю. Алег дакараў сябе, што ў такі час вырваўся на раку. Ён гатовы быў вярнуцца назад, але было ўжо позна. Вецер біў яго ў твар і грудзі, адганяў лодку ўсё далей ад берага.
Алег ведаў, што варта яму разгубіцца, як лодку закруціць, потым хваля ўдарыць ёй у бок і перакуліць. Алег упёрся нагамі ў дно лодкі і павярнуў яе па ветры. Моцныя Алегавы рукі пакарылі лодку. Яна лёгка паднялася на грэбень хвалі, нейкі міг затрымалася там, нырнула ўніз і зноў, нібы на крылах, выскачыла наверх. Алег разумеў, што трэба толькі моцна трымаць вёслы і не падставіць бок лодкі ветру. Бакавы ўдар у час буры — гэта смерць для весляра.
Другі шквал ужо не напалохаў хлопчыка. Як ні шалела бура, а яго невялічкі човен дзіўным птахам то імчаў у цёмную бездань, то ўзлятаў на грэбень раз’юшанай хвалі. Алегу здавалася, што ўсе вятры свету, усе ўраганы зямлі наляцелі на яго, каб кінуць у Дняпро. А вясляр насміхаўся з тых вятроў і плыў сваёй дарогай.
Ану, Алег! — крычаў сам сабе хлопчык. — Ану, наперад! Не паддавайся!
Наўкола раўло, клекатала, пенілася, а ён спяваў, адчуваючы сябе пераможцам.
Потым бура сунялася, нібы ёй хто абламаў крылы. Хлынуў страшэнны лівень. Па агні маяка на высокім правым беразе хлопчык прыкмеціў, што яго лодку занесла далёка супраць цячэння.
У гэтым месцы павінен быць востраў. Алег азірнуўся. Пясчаны лапік зямлі, пакрыты кустамі ніцай лазы, быў зусім блізка. Алег добра ведаў гэты востраў. Ён не раз прыязджаў сюды са сваімі сябрамі. Хлопчык скіраваў сюды лодку, і яна неўзабаве з шоргатам уз’ехала на пясчаную мель. Як толькі лівень пракаціўся над Дняпром і пайшоў далей на левы бераг, Алег вылез з-пад лодкі, дзе ён перачакаў дождж.
Навокал было ціха. Цяпер, калі небяспека мінула, Алег успомніў пра дом. Ён уявіў сабе, як яго там усе шукаюць, як хвалюецца маці, і яму прыкра стала ад гэтай думкі. Ён адчуў сябе вінаватым. Ніколі яшчэ такога не было, каб ён пайшоў з дому, не папярэдзіўшы маці. Трэба было спяшацца. Але толькі ён спусціў лодку на ваду, як з правага высокага берага даляцеў ледзь чутны трывожны воклік:
— Алег!
Хлопец страсянуўся, націснуў на вёслы і пагнаў лодку да берага.
Воклік паўтарыўся зноў. Гэта гукала маці. Алег прыклаў далоні рупарам да губ, павярнуўся і на ўвесь голас адгукнуўся:
—Э-гэ-гэ-й, мама! Я плыву!
I зноў узяўся за вёслы. Ласкавымі ўсплёскамі па бартах лодкі Дняпро вітаў мужнага весляра. Вялікая рака не адолела дванаццацігадовага хлапчука. Алег Кашавы плыў па ёй пераможцам.