Беларускія тэксты

Бярэсце

С. Тарасаў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Ёсць у сучасным Брэсце музей, які створаны на месцы, дзе існаваў даўні горад. Вучоныя-археолагі раскапалі жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, вуліцы. Па іх нават можна прайсціся, уяўляючы, як гудзе гаманлівы натоўп. Вунь там, на падворку, з далёкай усходняй Візантыі, а можа, са Скандынавіі купец прывёз тавар: дарагія аксаміты, бліскучыя, загартаванай сталі мячы, келіхі і кубкі з празрыстага каляровага шкла, бранзалеты. Чаго тут толькі няма! А праз двор круціць майстар ганчарнае кола, вырабляючы гліняныя збаны на продаж.

Побач — другі майстар. Гэты на драўляным такарным станку выразае посуд, які ставіцца на стол. Удалечыні гудзе горан кузні, на цэлы квартал разносіцца звон кавальскага молата.

Пра тое, як узнік горад, захавалася паданне. Даўно гэта было.

Невядомы купец прабіраўся з абозам праз палескія балоты. Ніхто не ведаў, хто ён і куды едзе. У тыя старадаўнія часы не было ні дарог, ні гасцінцаў. Адны толькі рэкі, рачулкі ды ручаі. Дзе вада дазваляла, вазілі тавары на лодках, а па сушы цягнулі вазамі. На Палессі ж — скрозь балоты, вось і трапіў той купец у непраходную дрыгву. Што рабіць?

Загадаў ён абдзіраць бярозы ды бяростаю шлях гаціць. Так і выратаваўся. Калі ж прадаў купец тавар і вяртаўся дадому, на гэтым месцы прынёс язычніцкім багам ахвяры. А само месца ў гонар бяросты-выратавальніцы назвалі Бярэсцем. Ад яго і сучасная назва — Брэст.

У старажытных летапісах Бярэсце ўпершыню згадваецца ў 1019 годзе, калі тут спыняўся князь тураўскі і кіеўскі Святаполк. Горад на мяжы стаў крэпасцю. У самыя даўнія часы ён належаў Тураўскаму княству. Але завалодаць Бярэсцем імкнуліся і ляхі1, і валыняне, і кіеўскія русічы, і рыцары-крыжакі, і нават татары. У час жахлівага нашэсця мангола-татараў пад Бярэсцем адбылася вялікая бітва.

Загінула столькі воінаў, што па полі сечы немагчыма было прайсці.

Каб надзейна абараніць горад, акрамя высокіх і моцных сцен, пабудавалі крэпасць у выглядзе вежы. Падобная крэпасць захавалася да нашых дзён у мястэчку Камянец, што паблізу Белавежскай пушчы. Уздымалася вежа высока над горадам і не дазваляла ворагу блізка падыходзіць да яго сцен.

Але неўзабаве з’явілася новая пагроза з поўначы — крыжакі. Каб выратавацца ад іх нападу, беларускія землі аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае. У новым гаспадарстве Бярэсце заняло асаблівае, ганаровае месца. Горад першым сярод іншых пачаў жыць вольна, па сваіх уласных законах. Праз Бярэсце праходзілі ўсе самыя вялікія дарогі з Заходняй Еўропы ў Масковію, Кіеўшчыну. Горад хутка рос і квітнеў. Тут існавала больш за пяцьдзясят розных рамесных прафесій, праводзіліся штогадовыя кірмашы, узводзіліся цэрквы, касцёлы, сінагогі. 3 часам горад стаў месцам, дзе праводзіліся дзяржаўныя сеймы (па-сучаснаму — пасяджэнні парламента), прымаліся важныя рашэнні.

Больш за сто гадоў назад у Бярэсці была пабудавана вялікая мураваная крэпасць. Яе абаронцы мужна супрацьстаялі нямецка-фашысцкім захопнікам у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У памяць пра тыя падзеі цяпер у крэпасці знаходзіцца музей.

Сёння Брэст — буйны прамысловы горад. Як і тысячу гадоў назад, Брэст застаецца пагранічным горадам. Гэта нашы вароты ў Заходнюю Еўропу. Тут заўсёды шмат гасцей, дарослых і дзяцей, якія прыязджаюць падзівіцца на прыгажосць старажытнага і вечна маладога горада.