Вуж
А. Зэкаў
Гэтай істоты шмат хто асцерагаецца або проста баіцца, нават многія з дарослых. А дарма, бо ніякай шкоды вуж людзям не робіць.
Асцерагацца трэба не вужа, а гадзюкі, бо калі тая ўкусіць — будзе бяда. Таму лепш паўзуноў не чапаць. Калі на іх не наступаць, то яны звычайна чалавека не зачэпяць. А калі гадзюку зловіць паляўнічы, то з яе яду потым зробяць вельмі каштоўныя лекі. Як бачым, і гадзюка можа прыносіць карысць.
А калі весці гаворку пра вужа, то жыве ён усюды: у лесе, на балоце, у хмызняках, на берагах азёраў, рэк і нават, здараецца, у блізкім суседстве з людзьмі. Напрыклад, каля выкашаных сажалак або ў глухіх кутках старых паркаў і садоў. Корміцца вуж слімакамі, жабамі, жукамі, птушынымі яйкамі. Ён добра поўзае па галінах дрэў, хутка плавае ў вадзе. Нездарма і рыба трапляе яму на спажыву. Малыя вужаняты з’яўляюцца на свет з дробных яек, падобных да птушыных. Іх адкладвае вужыха ў леташнюю лістоту ці мяккі вільготны мох. Гняздо вужыха робіць на сонечным месцы. Прэлае лісце і мох доўга трымаюць цяпло. Вось так, дзякуючы цяплу і сонечным промням, і вылупліваюцца з яек малыя вужаняты. Яны мігам распаўзаюцца з гнязда, бо напачатку ў іх шмат ворагаў.
Цікаўны чалавек, калі сустрэне паўзуна, адразу здагадаецца, хто ў яго на дарозе — вуж ці гадзюка. На галоўцы вужа здалёку відаць дзве жоўтыя або аранжавыя плямкі, а ў гадзюкі іх няма.
Магчыма, каму-небудзь пашанцуе ўбачыць самога вужовага караля.
Як гавораць паданні, ён калісьці жыў на нашай зямлі. Хадзіў вужовы кароль як чалавек, падпіраючыся хвастом, нібы кійком. I не было яму роўнага сярод усіх вужоў. На галоўцы ў караля ззяла бліскучая залатая карона, а свіетаў ён такім моцным посвістам, ажно водгулле разляталася па ўсёй Беларусі. У сівую даўніну нашы прашчуры сябравалі з вужамі і не крыўдзілі іх. Самі давалі вужам прытулак, кармілі іх хлебам і свежым малаком. Нікога не кусаў вуж, а поўзаў сабе па хаце, як сапраўдны гаспадар. Прысядуць людзі палуднаваць — і ён тут як тут, цягнецца галавой да ежы. Здаралася, хтосьці з дзяцей не вытрымліваў і біў вужаку лыжкаю па галаве. Той пакрыўджана сыкаў, адпаўзаў куды-небудзь у бок ад стала на хвіліну, а потым з іншага боку зноў сунуўся да міскі. Даўней людзі верылі ў тое, што калі з імі побач жыве вуж, то будзе шчасце і дастатак у хаце. А калі вуж паміраў, то гаспадары вельмі смуткавалі і рабілі з вужовага тлушчу свечку на ліхі дзень.
Надыдзе бяда — запальваў селянін свечку, святло ад якой разыходзілася па ўсёй зямлі і трапляла нават у самыя глыбокія і цёмныя норы. Тады ўсе вужы выпаўзалі са сваіх нор і спяшаліся на дапамогу добраму чалавеку. А вёў іх вужовы кароль з залатою каронаю на галаве. I бяда заўсёды адступала. Так вуж абараняў гаспадароў, якія далі яму прытулак, і пасля сваёй смерці.