Вяртанне з выраю
В. Вольскі
Вясною жоравы ляцелі з выраю зноў над тымі ж мясцінамі. Яны ляцелі імкліва і хутка, бо вярталіся з далёкага падарожжа дамоў, на паўночныя балоты, для аднаўлення сямейнага жыцця, для таго, каб будаваць гнёзды на купінах, выводзіць і гадаваць птушанят.
Урачыстыя гукі іх баявых фанфар у веснавым паветры выклікаюць заўсёды лагодны, радасны настрой.
У далейшым я даведаўся падрабязна пра жыццё і звычкі жораваў, пра іх дбайную падрыхтоўку да пералёту на зіму ў Афрыку, пра дакладны баявы распарадак у жураўліных трыкутніках.
Усё ў калектыўным палёце жораваў рацыянальна і мэтазгодна, усё, калі можна так сказаць, прадумана, прадугледжана і размеркавана да дробязей, нібы ў сапраўдным баявым страі.
Кожны трыкутнік узначальвае вопытны павадыр. Ён ляціць першым, месца яго — на самай вяршыні, на самай вастрыні кліна. Адразу за ім ляцяць з абодвух бакоў два самыя дужыя пасля яго і самыя трывалыя птахі. У канцы кожнага ключа — маладыя, нявопытныя і слабыя.
Часта ўяўлялася мне, як прагучаў над балотамі сігнал павадыра і як дружна падхапілі яго дзясяткі іншых баявых фанфар. I вось ужо першы трыкутнік адарваўся ад зямлі. 3 разбегу, падскочыўшы два-тры разы, узнімаюцца птахі ў паветра і, не парушаючы строю, па чарзе ўзлятаюць над купінамі балоцістай лугавіны. Спачатку ляцяць яны нізка над лазняком і бярэзнікам, паступова набіраючы вышыню. I вось першы трыкутнік узняўся ў восеньскае неба над высокімі ялінамі, а за ім і другі, і трэці, і ўсе яны ляцяць у адным напрамку — на поўдзень. Ляцяць спакойна і роўна, не мітусяцца, не спяшаюцца. Рытмічна ўзмахваюць вялікімі моцнымі крыламі. Цела ў кожнага жорава выцягнута ў адну лінію з тонкай шыяй, з прамой і вострай дзюбай, з адкінутымі назад доўгімі нагамі. Увесь ён як страла, што нястрымна імкнецца наперад.
Кожны жораў стараецца не парушыць строю, не збіцца з курсу, з нябачнай сцежкі ў паветры, якую пракладвае той, што ляціць перад ім. Калі пярэднія стамляюцца, то па чарзе, адзін за адным, пакідаюць сваё месца ў пачатку трыкутніка і прыстройваюцца ззаду: там ляцець лягчэй. Адпачыўшы, зноў займаюць сваё ранейшае месца наперадзе. Так яны чаргуюцца на працягу ўсяго доўгага і цяжкага падарожжа.
У час пералёту жоравы ляцяць удзень і ўначы. Прыпынкі робяць вельмі рэдкія і кароткія ў месцах, загадзя вызначаных для кармёжкі і адпачынку. Перад тым як прызямліцца, пасылаюць наперад разведчыкаў.
Вельмі хацелася мне ўбачыць жораваў не толькі высока ў небе, але і на зямлі, на балоце, на гняздоўі. Першая такая спроба адбылася больш за шэсцьдзясят гадоў назад. Нават і не верыцца, што так даўно гэта было!
Белай чэрвеньскай ноччу блукаў я да самай раніцы па балоце ля возера на Карэльскім перашыйку. Спадзяваўся знайсці гняздоўе жораваў, паглядзець на іх зблізку.
Усё было добра відаць, нібы ўдзень, але першая спроба не ўдалася.
Праблукаў я ўсю ноч, а жораваў так і не знайшоў, так і не ўбачыў.
Да непасрэднага знаёмства з пільнымі і асцярожнымі птахамі быў я тады яшчэ недастаткова падрыхтаваны. Аднаго жадання, нястрымнага імкнення было мала, патрэбны былі яшчэ вопыт і належныя веды. I гэта я тады добра зразумеў. У той час мне не было і шаснаццаці гадоў. Усё было яшчэ наперадзе. Але неўзабаве з’явіліся іншыя клопаты.
Жоравы, як і ўсё іншае, звязанае з вывучэннем прыроды, з непасрэднай блізкасцю да яе, адышлі на задні план, але не зніклі зусім. Яны вабілі мяне па-ранейшаму, але ўжо не так моцна, як калісьці. Мары пра іх ператварыліся ў нейкі душэўны адпачынак.