Віцебск — горад майстроў
У. Караткевіч
У 1974 годзе гораду Віцебску споўнілася 1000 гадоў.
Урачыстае свята тысячагоддзя горада адзначалася вельмі шумна. Рэдка каму даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай вайны. Паўсюль вясёлыя танцы і звонкія песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі беларускіх народных казак. А ўвечары на Дзвіне — дзівоснае воднае свята ў яркіх промнях пражэктараў. Вось падплывае ладдзя пад лёгкім ветразем і выходзіць на бераг заснавальніца горада, княгіня Вольга.
Вось па рацэ плывуць яшчэ караблі, плыве велічная «Аўрора». А пасля на ўсё гэта, як тысячы рознакаляровых знічак, падаюць бліскучыя зоры ракет.
Свята мастацтва, свята агню, роднай песні, нечаканай выдумкі, шматграннага таленту, свята майстроў, бо Віцебск — месца майстроў.
Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост’ на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху «з варагаў у грэкі». А яшчэ вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат.
Жыхары Віцебска заўсёды славіліся ўпартай мужнасцю, смеласцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітвах на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў, шмат разоў адважна паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны таксама і страсцю да мастацтва, жывапісу, розных рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай шматкаляровай кафлі2. Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстар Ігнат, сын Максімаў з Копыся, разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля, прынеслі гэтую тонкую штуку нават у далёкую Маскву, дзе яны і пабудавалі шмат шэдэўраў, сярод якіх будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Іерусалімскага манастыра.
Віцебск і зараз месца майстроў. У яго жыхароў працавітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць складаныя станкі, радыёдэталі, электравымяральныя прылады. На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ», хіба не апранае іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі»? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў гарадскіх кватэрах і вясковых хатах прыгожыя дываны Віцебскага дывановага камбіната? I ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.
Віцебск быў шмат разоў бязлітасна спалены, амаль ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Волып за дзевяноста працэнтаў тэрыторыі былога горада было ў кучы бітай цэглы, бетону і скручанай арматуры. Здавалася, што гэта канец. Шмат хто тады думаў, што ніколі не разабраць тых руін, а таму лепш было б пабудавацца на новым месцы.
Але горад паўстаў з попелу, як уся наша Беларусь. Віцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў тут засталося, на жаль, вельмі мала: некалькі палацаў, ратуша сямнаццатага стагоддзя, у якой цяпер знаходзіцца добры гісторыка-краязнаўчы і мастацкі музей.
Віцебск — горад старых мастацкіх традыцый. Калісьці працавалі тут, у прыватнасці, Юрый Пэн, славуты Казімір Малевіч, не менш славуты Марк ІПагал.