Беларускія тэксты

Галля дубовага вянок

А. Савіцкі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Зграбны двухпавярховы цагляны будынак з маленькім балкончыкам, што асеў на чатыры калоны каля ўваходу, і шырокай тэрасай, павернутай у бок саду, добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Стаіць ён за гмахамі Нацыянальнай акадэміі навук побач з рэдзенькім чубком старых невысокіх соснаў, вярхушкі якіх учарнелі ад гарадскога жыцця. У першыя пасляваенныя гады ў гэтым будынку жыў знакаміты сын нашай зямлі, народны паэт Беларусі Якуб Колас, а цяпер тут месціцца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей песняра, імя якога ведае ўвесь свет.

Агледзеўшы Коласаў дом, наведвальнікі музея звычайна ідуць у сад, каб паглядзець на яблыні, што пасадзіў Колас, пастаяць якую хвіліну ў маўклівым роздуме каля створанага ягонымі працавітымі рукамі дзіва — незвычайнага і велічнага ансамбля дрэў, падобнага да вялікай падковы.

Больш за палову стагоддзя таму, неўзабаве пасля вызвалення гераічнага і шматпакутнага Мінска ад фашысцкіх захопнікаў, Якуб Колас пасадзіў каля дома тры дубочкі — як бы сам Колас, старэйшы сын Даніла і малодшы Міхась, а таксама бярозку — у памяць аб памерлай жонцы. У тым сімвалічным ансамблі народны пясняр пакінуў месца яшчэ аднаму дубочку — сярэдняму сыну, які з першых дзён вайны змагаўся на фронце. Кароткія весткі перасталі прыходзіць позняй восенню сорак першага года, калі гітлераўская армія падышла да Масквы.

Грымнуў у сорак пятым пераможны салют, мінуў яшчэ год. Калі сплыла апошняя надзея пабачыць сына жывым, Якуб Колас завяршыў тую сімвалічную падкову, што якраз насупраць акна рабочага кабінета на другім паверсе, пасадзіўшы чацвёрты дубок — у памяць пра сына Юрку, якога праглынула жахлівая віхура ваеннай бяды.

Невыпадкова выбраны для сімвалічнай падковы менавіта гэты куточак у садзе: сеўшы за стол, што ўпрытык да акна, народны пясняр заўжды бачыў верхавінкі маладых дрэўцаў, і яны суцяшалі бацькава сэрца. Той стол і цяпер стаіць на ранейшым месцы, і на ім, у самым цэнтры, застыў назаўжды аркуш паперы з апошнімі словамі песняра-прарока. Мажліва, перад тым, як вывела іх на белай паперы паэтава рука, вочы яго глянулі зноў на зялёную лістоту маладых дубкоў і гнуткую вершалінку прыгожай бярозкі.

Цяпер з таго акна відаць не танклявыя некалі дрэўцы, а магутныя волаты, што вынеслі свае верхавіны над дахам будынка ў нябесную прастору, насустрач сонцу і аблокам. Галіны прыгожа перапляліся і ўтварылі ў вышыні своеасаблівы дзівосны вянок дубовага галля, праз які льецца з неба на зямлю мяккае, казачнае святло. Праз роўнае кола таго вянка не толькі ўночы, але і ўдзень можна ўбачыць у нябеснай далечыні, нібыта з калодзежа, зоры. Магутныя дрэвы надзейна — на стагоддзі! — заглыбілі свае карані ў зямлю, а ад белай-белай бярозы на дубовай кары нават у змрочны дзень трымціць лагодны, загадкавы водсвет — святло матчынай ласкі.

На радзіме Якуба Коласа праходзіць традыцыйнае свята беларускай паэзіі — Каласавіны, і тады водгулле народных мелодый і шчырых слоў любові і добрай надзеі льецца над зялёнымі паплавамі і магутнымі кронамі дубоў-волатаў. Шамаценне іхняй лістоты і плёскат нёманскіх хваляў Якуб Колас слухаў яшчэ змалку, і, відаць, менавіта там у паатавай душы нарадзілася мара, плён якой застаўся ў спадчыну людзям на доўгія і доўгія гады.

Задума песняра ўвасобілася ў жыццё, і ён амаль у самым цэнтры беларускай сталіцы пакінуў нам сапраўднае дзіва — галля дубовага вянок, сімвал велічы і сілы роднай зямлі.