Беларускія тэксты

Галінка каліны ў лётным планшэце

М. Назаранка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

⁣20 мая 1942 года на вуліцах Люберцаў пышна цвіў бэз. На ўскраіне гулі маторы знішчальнікаў «Як-1». Новую тэхніку асвойвалі лётчыкі з папаўнення. Сярод інструктараў, якія мелі баявы вопыт, быў і лейтэнант-ардэнаносец Мікалай Карначонак. Камісія прыняла гатоўнасць палка і накіравала яго на франтавы аэрадром, што знаходзіўся на поўначы ад Варонежа.

Лятаючы з Карначонкам на баявыя заданні, яго таварыш Васіль Савельеў пераканаўся, што смеласць і майстэрства, якія праяўляў Мікалай, заўсёды былі асэнсаваныя, вывераныя да дробязей. У баі ён паспяваў хутка ацаніць сітуацыю, прыняць правільнае рашэнне. Часта любіў паўтараць нявопытным лётчыкам: «Важна, хлопцы, ашаламіць ворага, не даць яму апамятацца, а затым ударыць беспамылкова! Нямр ні хвіліны на ваганні. Паветраны бой вырашаюць секунды».

Як звычайна, перад заходам сонца ля аэрадрома з-за хмар выскокваў нямецкі «фокер» і кружыў, выманьваў смельчакоў на бой. А аднойчы спікіраваў і ўдарыў з гарматы па стаянцы самалётаў «Як-1». Бяды не нарабіў, бо на адкрытых месцах стаялі макеты знішчальнікаў, а баявыя машыны былі замаскіраваны і стаялі збоку. Але тут жа ў дынаміку пачуўся голас камандзіра:

— Карначонак! На ўзлёт! Дагнаць і знішчыць!

Камандзір звяна кінуўся да самалёта. Хутка выявіў ворага і пачаў даганяць яго. Той аказаўся не з палахлівых, развярнуўся і пайшоў на збліжэнне.

Двойчы сыходзіліся ў лабавую знішчальнік «Як-1» і «фокер», але вораг не вытрымліваў і ўхіляўся ад прамога сутыкнення. Ён насіўся па небе то ўверх, то ўніз і ўвесь час намагаўся ўдарыць у хвост. Калі ж чарговы раз паспрабаваў паўтарыць свой манеўр, вогненная траса Карначонка прашыла варожы самалёт. Лётчыкі, механікі, шафёры, якія назіралі за боем, абдымаліся і радаваліся за свайго таварыша, акружылі знішчальнік і памаглі выбрацца Мікалаю. Збіваючыся ад хвалявання, ён паспешна гаварыў Савельеву: «Разумееш, Васіль, фашыст спадзяваўся заманіць мяне ў пастку, думаў, нервы не вытрымаюць… Ды не выйшла! Ён жа за свайго фюрэра змагаўся, а я — за Радзіму! Ёсць жа розніца!»

Апошні бой Карначонак прыняў за семдзесят кіламетраў ад Сталінграда. Адразу тры «фокеры» напалі на чырваназорны знішчальнік. Карначонак, убачыўшы гібель таварыша, пагнаўся за «фокерам», што кінуўся наўцёкі, па-майстэрску збіў яго і стаў адварочваць свой самалёт ад сцярвятнікаў, але не паспеў… Знішчальнік не гарэў, а проста падаў. Лётчык быў паранены, стараўся падбітую машыну пасадзіць на «жывот» у полі. Самалёт то выраўноўваўся, то торкаўся носам, пакуль не ўдарыўся ў схіл яра. Не ўзарваўся, бо ў баках ужо не было паліва… Гэта быў апошні, трыста сорак дзявяты баявы вылет Мікалая Карначонка. Яму ішоў толькі дваццаты год.

Салдаты выцягнулі з груды металу планшэт. Сям-там ён патрэскаўся, аднак усё, што было ў ім, аказалася цэлым: карты, распісаныя чырвонымі лініямі, фотаздымак жанчыны і сухая галінка каліны. На адваротным баку здымка ад рукі было напісана:

«Карначонак Аксеня Савельеўна — мама». Лётчыка пахавалі тут жа, ля самалёта.

Аксеня Савельеўна Карначонак так і не даведалася пра гібель сына і пасмяротнае прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза. Улетку 1943 года яе загубілі фашысцкія карнікі.