Голас аргана
К. Кірэенка
У час вяртання на Радзіму з далёкай вандроўкі з-за акіяна давялося мне спыніцца ў Парыжы і з пашанай да Віктора Гюго апынуцЦа ў саборы Парыжскай Божай Маці. Ішла ўрачыстая мёса1, гучалі трубы аргана, спяваў хор. Было нешта заклінальна-ўзнёслае ў пышным гэтым рытуале, але нешта і не падыходзіла да маіх пачуццяў, нешта зусім далёкае блукала над галовамі ўсіх прысутных. А можа, яно было далёкае не толькі для мяне?
Можа, і сэрцы парыжан разам з маім не знаходзілі чагосьці ў гуках заспакоенай бахаўскай музыкі: нейкагаўзрушэння, нейкай такой ноты, што здольна перавярнуць усю тваю душу?
I раптам высокі арганны голас, нібы яго спыніла цяжкая перашкода, з уздыханнем пачаў пра нешта пытаць. I ў мяне пытаў, і ва ўсіх, хто стаяў тут побач са мною. Пытаў настойліва, патрабавальна, як бы просячы яго ад нечага ўратаваць. I тады я адчуў, як пачынае запаўняцца гарачым полымем маё сэрца, і зразумеў, што не змагу адсюль выйсці, пакуль не знайду ў сваёй душы адказ на тое пытанне.
Усе твары парыжан, мне здалося, павярнуліся ў тую хвіліну да мяне аднаго. I пад іх гарачымі позіркамі перада мной пад голас аргана раптам паўсталі зраўняныя пяскамі на беразе ракі старыя акопы, перавітыя верасам і дзеразой раны зямлі. Убачылася, як бурна цягнуцца ў рост парасткі вербавых і чаромхавых пнёў і як пяшчотна набліжаецца да іх чыстая, як сляза, рачная плынь. Убачыўся трапяткі і светлы лугавы прастор і бясхмарнае неба над ім, і пачулася, як велічна грыміць у гэтым прасторы непаўторным заклікам берасцяная труба.
Пастушыная труба ўсё гучала і гучала, і аргана як быццам не стала, і не стала ні пышнай літургіі1, ні самога Парыжа. А было толькі бязмежнае прыволле зялёных прастораў, высока ў небе пяшчотнае летняе сонца і людзі пад ім, што хацелі радасці і шчасця. I я стаяў сярод гэтых людзей і, не могучы вымавіць ні слова, крычаў: «Людзі мае, людзі мае, добрыя людзі! Ці ведаеце вы, што за зямля адкрываецца перад вамі? Гэта ж зямля, дзе мільёны душ чалавечых ахвяравалі сабой дзеля бясконцай і шчодрай, адвечнай хады жыцця. Угледзьцеся, людзі добрыя, і ўслухайцеся сэрцамі ў гэту зямлю. Гляньце, колькі красы ў ёй і дужасці для свету, для кожнага, хто хоча вызваліць зачарсцвелую ў нягодах душу!»
Так, не могучы вымавіць ні слова, крычаў я парыжанам. I хоць не мог вымавіць ні слова, а здалося, што парыжане зразумелі, пра што я хацеў ім сказаць, пра што на ўвесь свет крычала мая душа, кранутая незвычайным голасам аргана. I разам са мною слухаюць, як арганна спявае ў пастушынай трубе бяроста, і суладна згаджаюцца вачыма са мной: «Ага, ага, арган прагучыць тут і змоўкне, а музыка дарагой зямлі не сціхне, не змоўкне ні на адзін міг праз усё жыццё, пакуль будуць жыць у людскіх сэрцах самаахвярнасць і мужнасць, здольныя ўратаваць яе і захаваць».