Гуканне вясны
У. Сысоў
У жыцці чалавека традыцыйныя абрады, звычаі і рытуалы маюць шматбаковае значэнне. Яны даносяць да нас пэўную сістэму чалавекаахоўных перасцярог, накіраваных на захаванне і прадаўжэнне чалавечага роду. Абраднасць — гэта традыцыйная норма паводзін, якая вынікае з гістарычнага вопыту жыцця многіх пакаленняў.
Чалавек адчуваў сваю пастаянную залежнасць ад уяўных багоў, розных духаў. У народным календары самы актыўны абрадавы комплекс прыпадаў на вясну і восень — менавіта на тыя поры года, калі чалавек засяваў поле і збіраў ураджай.
Пасля доўгага зімовага сну ажывала прырода, абуджалася да новага жыцця зямля. Чалавек імкнуўся праз прызму вясенніх абрадаў, розных магічных рытуалаў звярнуцца з просьбамі і маленнямі да добрых духаў і багоў, каб наблізіць прыход вясны і абудзіць жыватворную сілу зямлі.
Гуканне вясны — язычніцкае свята, якое адзначалася ў дахрысціянскія часы на пачатку года, з першага сакавіцкага дня. Шматлікія рытуалы і абрады гукання вясны працягваліся да таго часу, пакуль аратыя не выходзілі ў поле рыхтаваць глебу пад вясеннія пасевы.
Водар садоў і палёў у квецені ўспрымаўся чалавекам, нібы Божы дар, якім надзялялі яго жыццёва неабходная энергія сонца, моц зямлі, жыватворныя сілы вады.
Чалавек з яго спрадвечнымі вераваннямі імкнуўся па магчымасці пасадзейнічаць больш хуткаму прыходу вясны, якая ўяўлялася яму ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны. У рытуалах і абрадах гэтага часу вясну клікалі да сябе, ёй прыносілі ахвяраванні, дзеля яе наладжвалі гульні, карагоды, спевы. Ва ўсходнеславянскіх народаў гэта быў цэлы комплекс святкаванняў, які атрымаў назву «гуканне вясны». Вясеннія святкаванні пачыналіся са «спальвання зімы». На высокіх пагорках за сялом моладзь разводзіла агні, на якіх «палілі зіму»: спальвалі зношанае адзенне і абутак, розныя непрыгодныя ў хатнім ужытку рэчы. Ля вогнішчаў са смехам і жартамі гулялі ў розныя гульні, пераскоквалі праз агонь, спявалі песні-вяснянкі.
Быў вядомы абрад спальвання кола. Хлопцы і дзяўчаты ішлі на бераг ракі ці возера і рабілі невялікі плыт, на якім замацоўвалі старое прамасленае кола ад калёс ці якой-небудзь іншай павозкі. Затым гэта кола падпальвалі і пускалі плыт на ваду. Вогненнае кола сімвалізавала сабой сонца, якое ўшаноўвалася нашымі продкамі-язычнікамі як адно з галоўных бостваў. Пакуль плыт з вогненным колам плыў каля сяла, усе ўдзельнікі абраду ішлі за ім берагам ракі і спявалі песні-вяснянкі, у якіх звярталіся да нябеснага свяціла. У гэты дзень варылі кашу і выпякалі з цеста «конікаў», вадзілі карагоды. Вадзіць вясеннія карагоды і заклікаць у іх вясну дзяўчаты пачыналі са з’яўленнем першых пралесак. Гэта найболыд цікавы гульнёвы момант вясенняй абраднасці, што ўвасабляе сабой бясконцы рух жыцця і вечнай маладосці. Вясна, заўсёды маладая, вясёлая, жаданая, у народнай свядомасці параўноўвалася яшчэ і з дзявочай чысцінёй і прыгажосцю.
Беларускія абрады гукання вясны вельмі багатыя на шматлікія песні, прыпеўкі, заклінанні, у якіх побач з рытуальнымі матывамі знайшла ўвасабленне тэма любові да роднай зямлі і працоўнай дзейнасці чалавека. 3 прыходам вясны запасы ў сялянскіх засеках значна памяншаліся. Нашы продкі-земляробы звязвалі з гэтым перыядам надзеі на будучы ўраджай і спрыяльныя гэтаму пагодлівыя дні.