Гісторыя пра аптэкара
Л. Рублеўская
Многія ведаюць аптэку ў Траецкім прадмесці ў Мінску. Калісьці там таўклі ў ступках сухія кветкі і карэньчыкі. Я прыносіў туды пустыя бутэлечкі і слухаў апавяданні старога аптэкара Ёзафа. Жыў Ёзаф у закутку з маленькім акенцам, завешаным фіранкамі. Ён меў асаблівы дар рабіць адмысловыя лекі ад любых хвароб.
Вось Ёзаф у акулярах, падвязаных вяровачкамі, схіліўся над ступкай, старанна расцірае нешта таўкачом. Дадае то дзівасіл, то мечнік, абрываючы іх з букетаў, падвешаных на сцяне. Варта было стаць каля Ёзафа, як ён пачынаў расказваць пра аптэкара, якога таксама звалі Ёзаф.
Быў ягоны цёзка смуглявы і чорнавалосы, вучыўся свайму майстэрству ў Празе і Сарбоне. Аднойчы наведаў Ёзафа маршалак1 Завіша. Здарылася з ім тое, што часта здараецца з мужчынамі, чые валасы пераблытала срэбнае павуцінне: маршчынаў стала больш, а сэрца забылася пастарэць. I сэрца сваё гатовы ён быў пакласці пад востры абцасік шаснаццацігадовай Югасі. У прыгажуні была бялюткая скура, пунсовыя шчочкі, цёмныя вочы, тонкі стан. Адзіная загана мелася: на далікатным носіку кожную вясну праяўляліся, як на пялёстку белай лілеі, вяснушкі — ганьба для шляхетнай паненкі. Дзе набыць мазь? Вядома, у аптэцы ў Траецкім прадмесці. I Югася была там жаданай госцяй.
Завіша лічыў сябе найлепшым з жаніхоў. Але, магчыма, Югася мела схільнасць да кагосьці маладзейшага. Вось і звярнуўся Завіша да Ёзафа, каб у мазь для паненкі той дадаваў прываротнае зелле.
Маршалкам аптэкары не адмаўляюць. Але чамусьці не дапамагалі зёлкі Ёзафа крануць юнае сэрца.
Паненка сказала маршалку, што пакахала б яго, калі б не сівізна ды маршчыны. Тады ўночы па загадзе Завішы прывялі Ёзафа ў замак.
Маршалак сказаў, што Ёзаф не выйдзе адтуль, пакуль не згатуе зелле, якое верне Завішу маладосць. Дарэмна кляўся Ёзаф, што не пад сілу чалавеку павярнуць час назад. Нічога не слухаў Завіша. I ўзяўся Ёзаф за справу. Цэлы тыдзень шчыраваў ён у замку, выходзячы толькі для таго, каб паглядзець з вежы на зоры. I аднойчы працягнуў Ёзаф маршалку бронзавы кубак, у якім дымілася зелле, падобнае да вадкага металу. Завіша загадаўаптэкару: «Выпісам. Азаўтравып’юя». Ёзаф выпіў кубак да дна.
Назаўтра Завіша ўбачыў, што валасы Ёзафа зрабіліся сівымі, скура зжаўцела і зморшчылася, спіна сагнулася. Дарэмна Ёзаф крычаў, што проста не паспеў давесці да ладу свой напой. Завіша загадаў біць старога бізунамі, выпаліць на ягоных грудзях слова «здраднік» і пасадзіць у вежу. Казалі людзі, што Ёзаф сам быў закаханы ў Югасю, таму і не дапамог Завішу.
Хутка па навакольных вёсках пайшла пошасць’. Гараджане са страхам чакалі, калі бяда зойдзе ў Мінск. Палілі вогнішчы з ядлоўцу і палыну ля брам і на скрыжаваннях. Але эпідэмія ўсё-такі прыйшла ў горад, сабрала сваю даніну. Захварэла і памерла Югася.
Усё мінае, прамінула і эпідэмія. Адчыніліся забітыя дошкамі шыбы дамоў, пацягнуліся на гандлёвыя пляцы купецкія вазы. Успомнілі ўлады і пра вязняў. Старога Ёзафа выпусцілі на волю. Любы чалавек на ягоным месцы даўно памёр бы, але смерць забылася пра Ёзафа.
Аптэкар разумеў, што зваранае ім зелле адбірала маладосць, але давала вечнае жыццё.
Ніхто не ведае, дзе цяпер Ёзаф. Хутчэй за ўсё, намагаецца знайсці зелле, якое дазволіць яму вярнуць увагу смерці і сустрэцца з каханай.
Такую гісторыю паўтараў аптэкар Ёзаф. Аднойчы я прыбег у аптэку і не ўбачыў яго. Мне паведамілі, што стары гэтай ноччу памёр. Я пабег да маленькага падвальнага акенца. На гэты раз фіранкі былі адсунуты. Дзве кабеты пераапраналі нябожчыка ў свежую кашулю. Яны сцягнулі з яго вопратку, і я ўбачыў на ягоных грудзях сляды ад апёкаў, якія складаліся ў слова «здраднік».