Беларускія тэксты

Дом Ваньковічаў

Л. Рублеўская

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Калі прайсціся па плошчы Свабоды і звярнуць на ціхую вуліцу Інтэрнацыянальную, то можна ўбачыць невялікі старасвецкі будынак з мансардай1 — сядзібны дом Ваньковічаў, славутага роду мінскіх арыстакратаў. Збудавалі гэтую сядзібу ў прыгожым месцы над поплавам Свіслачы ў канцы васямнаццатага стагоддзя. Быў пры доме сад, у якім раслі нават грэцкія арэхі, у двары — флігелі1, гаспадарчыя пабудовы, уязная брама. Але археолагі знайшлі пад будынкам каменныя падзямеллі яшчэ сямнаццатага стагоддзя і нават мармуровую статую, якая зараз экспануецца ў музеі.

Лёс гаспадароў сядзібы быў бурлівы. Меліся ў гэтым родзе і воіны, як Уладзіслаў Ваньковіч, герой вайны 1812 года, і сябры тайных арганізацый, што змагаліся супраць царскай улады. Але самы вядомы з роду — гэта мастак Валенцій Ваньковіч. Яго творы знаходзяцца ў лепшых музеях Францыі, Англіі, Польшчы, Літвы, Расіі. I ніводнага — на радзіме.

Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў 1800 годзе ў Ігуменскім павеце ў сям’і павятовага суддзі. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе сустрэў шмат адукаваных, адораных людзей, шчырых патрыётаў, якія хацелі волі для свайго народа, цікавіліся народнай творчасцю. Валенцій падзяляў іх ідэалы. Асабліва пасябраваў ён з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам. Ва ўніверсітэце ўтварыліся таемныя арганізацыі студэнтаў: філаматы — тыя, што імкнуцца да ведаў, і філарэты — тыя, што любяць дабрадзейнасць. Але веды і дабрадзейнасць шанаваліся менш, чым паслухмянасць. У выніку арганізацыі былі выкрыты, а іх кіраўнікі арыштаваны і сасланы. Ваньковічу пашанцавала: сябры адмаўлялі яго ўдзел у забароненых гуртках. I замест высылкі Валенцій трапляе ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З’явіліся ў яго сябры і там.

Пазнаёміўся Ваньковіч і з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным. Партрэты Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна — самыя вядомыя партрэты Валенція Ваньковіча.

Калі Ваньковіч вярнуўся на радзіму, у доме над Свіслаччу ўтварыўся сапраўдны клуб інтэлігенцыі. Вечарамі збіраліся там кампазітар Станіслаў Манюшка, паэт Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя цікавыя асобы. Прыязджалі знакамітыя госці з Расіі і Польшчы. I гаспадар маляваў іх партрэты.

Памёр Валенцій Ваньковіч у Парыжы ад сухотаў яшчэ не ў сталым узросце, поўны творчых задум. Адам Міцкевіч, які да канца знаходзіўся побач з сябрам, сведчыў, што «ў апошнія хвіліны перад смерцю ён

з’явіўся, стогнучы, з вуглем у руцэ, крамзануў па сцяне…». Пахаваны мастак у Парыжы.

Выхаваныя ў любові да роднага краю, сыны Валенція Ваньковіча сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 года. Асабліва вылучыўся малодшы сын Ян Эдвард — ляснічы, выдатны коннік. Ён узначаліў Брэсцкую і Кобрынскую дружыны. Дзёрзкі быў воін, часта нападалі яго жаўнеры на сядзібы памешчыкаў. Менавіта тады, калі пасля задушэння паўстання маёмасць Яна Эдварда канфіскавалі, і знік знакаміты партрэт Пушкіна, намаляваны Валенціем Ваньковічам.

Цяпер у гарадской сядзібе Ваньковічаў знаходзіцца філіял Нацыянальнага мастацкага музея. У выніку рэканструкцыі драўляны будынак быў разабраны да падмурка, хаця канструкцыі дома былі трывалымі.

Сёння ў музеі адноўлена традыцыя свецкіх вечарын. Як і калісьці, тут можна паслухаць рамансы і сюіты, паглядзець на старажытныя танцы. Можна пры выпадку наведаць канцэрты, якія тут ладзяцца, і ўявіць сябе ў пазамінулым стагоддзі, калі ў гэтым доме ўмелі цаніць прыгожае і аддаваць сваё жыццё за волю.