Жывыя камяні
I. Клімковіч
Самыя старажытныя сведкі гісторыі Зямлі — камяні. Яны з далёкіх часоў выклікалі ў людзей асаблівую цікавасць, а некаторыя — і асаблівую пашану. Здаецца, быццам нехта нябачны і моцны параскідаў іх па нашай зямлі. Фантазія людзей стварыла дзіўныя, часам неверагодныя паданні. Цяпер мы ведаем, што той вялікай і таямнічай сілай, якая нарадзіла гэтыя агромністыя камяні, быў ледавік. Ды не адзін! Навукоўцы сцвярджаюць, што ледавікі прыходзілі на зямлю за апошнія тысячы гадоў чатыры разы. Але продкі нашыя гэтага не ведалі і таму абагаўлялі велічныя камяні, складалі пра іх фантастычныя гісторыі. Нават цяпер ледзь не ў кожнай беларускай вёсцы абавязкова раскажуць сваю легенду пра валун з цудадзейнымі якасцямі.
Сярод паданняў пра скамянелых людзей асабліва ўражваюць, запамінаюцца гісторыі аб камянях-жанчынах. Так, на Пастаўшчыне давялося запісаць звесткі пра Антосін камень. Мясцовыя жыхары лічаць яго застылай у часе дзяўчынай Антосяй. Калісьці жыла яна ў гэтых мясцінах разам з братамі. Антосю пакахаў добры, вясёлы хлопец, пачаў дамагацца яе рукі і сэрца. Аднойчы яна загадала закаханаму прайсці праз небяспечнае балота, якое шырока разлеглася вакол іх вёскі. Як людзі ні адгаворвалі, хлопец усё ж пайшоў туды. Дрыгва паглынула яго. Калі браты Антосі даведаліся пра няшчасце, то выгналі сваю бяздушную сястру з хаты. Тая праседзела ў садзе да самай раніцы. Ніводная слязінка не скацілася з яе вачэй. Як толькі развіднела, браты ўбачылі на тым месцы, дзе сядзела сястра, камень з нерухомым злосным тварам Антосі. Кажуць, што і цяпер уначы дзяўчына выходзіць з каменя, плача, заліваецца слязьмі.
Прыведзенае паданне не толькі тлумачыць паходжанне мясцовага каменя, але і мае глыбокі маральны сэнс. Папярэджвае, што нельга быць бяздушным і бессардэчным чалавекам.
Засцерагаюць ад жыццёвых памылак і іншыя беларускія паданні.
Так, адно паданне распавядае наступнае. У вёску пад выглядам жабрака завітаў сам Хрыстос і папрасіўся пераначаваць. Ніхто са сквапных жыхароў не хацеў пускаць яго ў хату. I толькі адна бедная салдатка дала «жабраку» прытулак. Яна зварыла міску заціркі і накарміла падарожнага. Назаўтра раніцай у хаце з’явілася шмат хлеба і іншага дабра. Але пасля снедання «жабрак» сказаў жанчыне ісці за ім і не азірацца. Раптам, калі яны адышлі ад вёскі на вялікую адлегласць, ззаду пачуўся неверагодны і страшны шум. Жанчыпа не вытрымала і азірнулася. На месцы вёскі яна ўбачыла возера, а сама за парушэнне наказу скамянела. Такія паданні, дзе жанчына з-за парушэння слова ператвараецца ў камень, можна пачуць шмат дзе па краіне.
Натуральна, што, апрача жанчын, у беларускіх паданнях робяцца камянямі і мужчыны. Легендарны камень Сцяпан, які ляжыць у вярхоўях ракі Віліі, паводле падання, таксама некалі быў чалавекам. Было гэта так. Адзін селянін парушыў табў і пайшоў на Вялікдзень араць. Жонка, як звычайна, прынесла яму ў поле абед. Пакуль муж падсілкоўваўся, сварылася на яго за тое, што працуе на свята. Калі ж адыходзіла дадому, сказала ў адчаі: «Каб ты каменем стаў!» Як толькі араты ўзяў плуг, то адразу ж скамянеў. Скамянелі і яго валы, нават збанкі з-пад ежы.
У чым сэнс падання? На Вялікдзень нельга не толькі працаваць, але і займацца іншымі справамі, якія парушаюць суладдзе на зямлі і ў прыродзе. Так, у нашага народа сустракаюцца паданні пра скамянелых паляўнічых, якія наважыліся ў святы дзень пазбавіць жыцця дзікіх звяроў.
У фальклоры беларусаў можна сустрэць нават паданні пра скамянелыя вяселлі. Звычайна іх героі — закаханыя, якія патаемна паехалі вянчацца ў храм без бацькоўскага бласлаўлення. За гэта яны былі пакараны Богам.
Такім чынам, у старажытных паданнях занатавана частка жыццёвага ладу нашых продкаў, іх духоўныя каштоўнасці. Нам трэба іх усвядоміць і зразумець.