Беларускія тэксты

Жыжаль

А. Бутэвіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Жыжаль — гэта даўні бог агню, якога шанавалі нашы продкі. Акрамя таго, Жыжаль быў богам кавальскай справы.

3 даўняга-даўняга часу ад пакалення да пакалення перадаюцца легенды пра «цёплага» бога Жыжаля. Жыве ён у самых глыбінях зямлі, куды ніводнае чалавечае вока не зазірала. Калі ціхенька ходзіць па сваім падземным царстве, тады проста сагравае зямлю. А калі пачне спяшацца ды бегаць, выбухаюць сапраўдныя пажары, ажно на паверхню вырываецца полымя. Гараць тады лясы і нівы, загараюцца нават тарфяныя балоты, дзе чэрці з нячысцікамі ад людзей пахаваліся. Гэткім чынам бог агню Жыжаль дапамагае Перуну справіцца са злымі памочнікамі Чарнабога.

Бывае Жыжаль і ўпартым, і злосным. Калі ўнадзіцца ды разахвоціцца, шмат шкоды наробіць людзям пажарамі ды засухай на палях. А як нагуляецца ўволю, калі надакучыць па свеце лётаць, супакоіцца, падабрэе, зноў у зямныя глыбіні апусціцца, каб знутры зямлю саграваць. На паверхні ж сёе-тое на памяць пра сябе пакіне. Таму і кажуць людзі, што Жыжаль пасяліўся ў кожнай хаце, спіць сабе да пары да часу ў печы, хаваецца ў грўбцы1, туліцца на прыпечку.

Не адно стагоддзе жывуць людзі ў згодзе з агнём. Каб не Жыжаль, то бог холаду Зюзя памарозіў бы не толькі малых дзетак, а і дарослых людзей, хатнюю жывёлу звёў бы са свету, выстудзіў жыллё. Але Жыжаль не дазваляе Зюзю разгуляцца, бо з кім жа тады застанецца бог цяпла? Так дагэтуль і дужаюцца Жыжаль з Зюзяй. Ніхто нікому не паддаецца, ніхто канчатковую перамогу не святкуе. Толькі на вясну ды лета выпраўляецца Зюзя ў свае халодныя краіны, каб сілы там набрацца, а марознай зімой разам з мяцеліцамі ды завірухамі на запрэжанай ваўкамі брычцы вярнуцца назад.

А вось Жыжалю ніколі няма адпачынку: днём і ноччу шчыруе ахоўнік цяпла і жыцця, не спіць ні зімой, ні летам, ні на хвіліну не зводзіць вачэй. Ведае, што калі засне, то Зюзя адолее яго, і запануюць на свеце тады холад і смерць. Без цяпла, вядомая рэч, нішто жыць не можа. А дзе цяпло, там радасць, там згода, там жывое жыццё віруе. Таму людзі навучыліся шанаваць і падтрымліваць Жыжаля, паважаць яго старасць, моц і магутнасць. Шмат песень, казак, легенд, прыказак, замоў, выслоўяў, загадак складзена пра агонь, пра Жыжаля. Лічылася, што агонь валодае незвычайнай ачышчальнай сілай. Таму ноччу на Купалле палілі вогнішчы, скакалі праз агонь, а пасля шукалі чароўную папараць-кветку, агеньчык якой павінен прынесці шчасце.

Людзі заўсёды ведалі аберагальную сілу агню. Мо таму ад магчымага пажару засцерагалі сябе таксама агнём. Каб падчас навальніцы гром з маланкай не нарабілі шкоды, у хаце запальвалі грамнічную свечку. Лічылася, што найбольш карысны жывы агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Такі агонь лечыць хворых, яшчэ дужэйшымі робіць здаровых, праганяе з хаты нячыстую сілу, надзейна разганяе цемру і холад. Нельга было кідаць у агонь нічога дрэннага, нячыстага, бо гэта знявага бога агню.

Ласкавы агонь заўсёды дадаваў чалавеку радасці, добрага настрою, святочнасці. Нездарма вабяць да сябе купальскае вогнішча, турысцкі касцёр, пастухова цяпельца, прыветны агеньчык у начным акне. А людская радасць, выкліканая агнём, дагэтуль жыве ў каляровых ілюмінацыях, квяцістых феерверках, маляўнічых салютах.