Загадкавыя кітабы
А. Бутэвіч
Каму з нас не даводзілася трымаць у руках кнігі, захапляцца імі! Але заўсёды нейкай таямнічасцю былі авеяны старонкі, напісаныя арабскімі іерогліфамі. Цяжка ўявіць, што за мудрагелістым арабскім пісьмом хаваецца беларускі тэкст, што праз чужую графіку зашыфраваны беларускія словы.
Аказваецца, існуюць рукапісныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. I называюцца яны кітабы. Аўтары іх — беларускія татары, якія звязалі свой лёс з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім XIV стагоддзі і на працягу шасцісот гадоў жывуць годна ў агульнай супольнасці. За гэты час змяніўся іх быт, фальклор, песні, прымаўкі, загадкі. Нават мовастала такой жа, як у беларусаў. Аднак сваю адметнасць яны не страцілі.
З’яўленне татар на беларускіх землях звязваецца з часам княжання Гедыміна ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ёсць звесткі, што ў час бітвы з Тэўтонскім ордэнам менавіта татары складалі пераважную большасць войска. Асабліва спрыяльны час наступіў пры Вітаўце, які шчыра падтрымліваў татарскія пасяленні на беларускіх землях, ухваляў перасяленне татар у Вялікае Княства Літоўскае. Вялікі князь надзяляў татар ільготамі і прывілеямі. Ён прыраўняў вядомых татар да паноў і шляхты, аддаў ім на карыстанне землі, вызваліў ад падаткаў. Вітаў шлюбы з мясцовымі дзяўчатамі. На гэтыя прывілеі татары адказвалі ўзаемнасцю, любілі Вітаўта і называлі яго наймагутнейшым. Яны ахвотна перасяляліся на беларускія землі і храбра змагаліся ў войску вялікага князя.
Аднак беларускія татары былі не толькі воінамі. Яны аралі зямлю, гандлявалі, займаліся тымі рамёствамі, што і тутэйшае насельніцтва. Таму ад самага пачатку ўзнікла між імі прыязнасць і ўзаемаразуменне, згода, талерантнасць. Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся адлучанымі ад мацярынскіх традыцый, паступова страцілі сваю мову. Але ў іх захоўваліся кнігі, выдадзеныя па-арабску. Каб далучаць да гэтай духоўнай скарбніцы моладзь, арабскія кнігі сталі перакладаць на беларускую мову. Але не беларускімі літарамі, а арабскім пісьмом і, як правіла, рукапісным спосабам. Часам беларускі пераклад рабіўся проста на старонках друкаваных кніг.
У кітабах захаваны найперш тлумачэнні малітваў, пастоў, апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў. Як і ў іншых арабскіх кнігах, тэкст у кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі і ў самым канцы звыклых нам кніг. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў прыпынку, вялікай літары, прабелаў між асобнымі творамі. Тэкст пісаўся суцэльнай арабскай вяззю.
Найбольш багатым на кітабы было XVI стагоддзе. Пазней пачала адчувацца паланізацыя грамадскага жыцця. Кітабы сталі пісацца лацінкай. Аднак і ў гэтых умовах татары не паддаваліся асіміляцыі. Не маючы мажлівасці ствараць новыя кнігі, яны актыўна перапісвалі даўнія, што сталі звыклымі ў кожнай сям’і. Гэтыя кнігі перадавалі знаёмыя легенды і казкі, паэмы і замовы, рэцэпты і парады. У кнігах жыў дух далёкай першарадзімы. Кнігі захоўвалі маральна-этычныя павучанні для моладзі, вучылі шанаваць бацькоў, гасцей, бедных. Яны змяшчалі матэрыял, прыдатны на кожны дзень. Такія кнігі называліся
«Хамаіл» — тое, што носіцца з сабой. «Хамаіл» быў самай папулярнай кнігай у беларускіх татар.
Так у беларускай культуры загадкава перапляліся татарскія матывы. Так назаўсёды ўпісаны ў нашу культуру гістарычныя помнікі татарскага пісьменства на беларускай мове.