Загоеная рана
Я. Зазека
Рачулка пачыналася з крыніцы ў цёмным лесе, пятляла бліскучай стужкай паміж старога ельніку, хавалася ў густым драбналессі, нібы баючыся сонца, а потым бегла кустамі і заканчвалася лясным возерам. Улетку тут быў суцэльны гушчар.
Здаўна гэта месца аблюбавалі сабе качкі. Яны сяліліся каля возера ў кустах чародамі, карміліся тут у час восеньскіх і веснавых пералётаў.
У тую восеньскую раніцу Васілёк з Алёшам спыніліся ля знаёмага карча. Разматалі вуды, начапілі на кручкі чарвякоў і закінулі.
Над возерам чародамі праносіліся качкі, што адляталі ў вырай.
Нечакана ў кустах грымнулі адзін за другім стрэлы. Хлопцы ўбачылі, як пярэдні качар, што вёў чараду, нахіліўся на левы бок і пачаў зніжацца над возерам, потым зусім блізка ўпаў У ваду.
Гэта ж трэба! Важака забілі, — з абурэннем сказаў Васілёк.
— Як жа яны цяпер будуць без правадніка? — паспачуваў Алёша.
Аднак качар хутка апамятаўся і паспрабаваў узляцець, каб дагнаць чараду. Ён нават падняўся ў паветра, але тут жа зноў упаў у ваду.
Быццам зразумеўшы сваё становішча, качар паплыў да берага і схаваўся пад веццем гнуткага лазняку, што ляжала на ціхай вадзе.
Насталі першыя замаразкі. Ад сцюдзёных подыхаў ветру замерзла лясная рачулка, застыла балота, каля берагоў возера заблішчаў лёд. Васілёк з Алёшам часта хадзілі да возера, насілі качару ежу. Яны ўважліва аглядалі кусты, але самую птушку ні разу так і не ўбачылі.
Адыходзячы з возера, хлопчыкі заўсёды пакідалі на беразе дробных акунькоў, ёршыкаў, плотачак, хлеб, а калі прыходзілі назаўтра на гэта месца, то ні рыбы, ні хлеба не было.
Мінуў яшчэ тыдзень. Аднойчы пад раніцу ў шэрым паветры закружыўся мяккі снег. Назаўтра Васілёк з Алёшам зноў пайшлі да возера. Яны пабачылі, што з кустоў, якія навіслі над вадою, а зараз умерзлі ў лёд, качар пратаптаў на снезе сцежку да вады. Але колькі хлопчыкі ні клікалі падбітага дзікуна, ён не выйшаў да іх. Яны паклалі каля сцежкі кавалкі хлеба, аладкі і пайшлі дадому. Тое, што яны памагаюць качару выжыць, нараджала ў сэрцах хлопчыкаў прыемную лёгкасць, узнімала настрой.
Качар тым часам звыкся са сваім становішчам. Удзень ён з’ядаў смачны абед, што прыносілі Васілёк з Алёшам, а ўвечары і раніцай плаваў у глыбокай яміне, якая не замярзала ўсю зіму, бо там з дна біла аж некалькі крыніц. Зімоўшчык пачаў прывыкаць да хлопчыкаў і да свайго імя. Калі Васілёк з Алёшам прыходзілі на возера і пачыналі клікаць: «Максімка!», качар па голасе пазнаваў сваіх сяброў і выходзіў з гушчару.
Качар, аднак, трымаўся ад хлопчыкаў на адлегласці, не падпускаў іх блізка да сябе, гатовы ў любую хвіліну кінуцца ў гушчар.
Блізілася вясна. Сонца павярнула на поўдзень і пачало свяціць больш ласкава. 3 кожным днём станавілася ўсё цяплей. Сышоў снег. Ажыла лясная рачулка. Птушкі вярталіся на радзіму, да сваіх гнёздаў. Як і кожны год, Васілёк з Алёшам сустракалі лясных і балотных птушак.
Неяк ранкам, калі паводка спала, хлопчыкі пайшлі на возера, каб пабачыць свайго качара. Яны гадалі, як там іх Максімка сустрэў сваіх сяброў з поўдня. Ля вады яны гукнулі разам на ўвесь голас:
— Мак-сім-ка!
3 кустоў узнялася невялікая чародка качак. Ад іх аддзяліўся Максімка. Ён зрабіў над возерам некалькі кругоў (маўляў, паглядзіце, сябры, як я лятаю) і сеў на ваду ля самага берага.
Васілёк з Алёшам вельмі ўзрадаваліся і пачалі клікаць яго. Качар выйшаў з вады. Васілёк паклаў перад ім аладку і лусту хлеба. Максімка еў не спяшаючыся і на гэты раз нават не аглядваўся па баках. Пасля абеду ён крыкнуў некалькі разоў і паплыў на сярэдзіну возера. Качар часта спыняўся, паглядаў на бераг, то ўзнімаў, то апускаў галаву, нібы дзякаваў хлопчыкам за іх клопаты.