Запрашэнне на танец
А. Бутэвіч
Танцаваць мяне вучыла цётка Жэня. Яна брала ў выцягнутыя рукі табурэтку і кружылася па хаце. Але мне не хацелася танцаваць з табурэткай. Тады мы браліся за рукі: сваю левую я клаў у далонь яе правай, а правай стараўся абхапіць цётку за спіну. Жэня, спяваючы, кружыла мяне па хаце. Я стараўся так, што аж пот выступаў пад носам. Але цела маё не надта слухалася, і я таптаўся па цётчыных нагах.
Вярнуўшыся дахаты, я браў табурэтку і спрабаваў кружыцда з ёй.
Аднак рукі хутка стамляліся, і я кідаў гэту навуку.
Перад Новым годам на школьны вечар дазволілі прыйсці і нашаму шостаму класу. Я марыў паказаць сябе ў танцах. Але, калі ўспартыўнай зале, дзе сабраліся старшакласнікі, закружыліся першыя пары, я разгубіўся. Як і многія, я туліўся да сцяны, зайздросна пазіраючы на танцы іншых.
Часцей за ўсё танцавалі дзяўчаты з дзяўчатамі. А хлопцы, загадзя згаварыўшыся, заглыбляліся ў дзявочы карагод і пляскалі ў далоні каля аблюбаванай пары. Гэта азначала, што хлопцы хочуць танцаваць з дзяўчатамі. Адны дзявочыя пары не звярталі ўвагі на кавалераў, і тыя вымушаны былі вяртацца да сцяны. Другія ўцякалі ад дакучлівых прасіцеляў, якія пускаліся за імі наўздагон. Тады ўжо танцы нагадвалі бег навыперадкі.
Асабліва мітуслівым быў белы танец. Калі аб’яўлялі яго, самыя нясмелыя хлопцы гуртам кідаліся ў дзверы, каб не трапіць пад запрашэнне. Той, хто не паспеў выскачыць, хаваўся за спіны іншых або проста апускаў вочы ўніз.
Я таксама ўвесь час падпіраў сцяну, набіраючыся храбрасці. Пасля чарговай аб’явы пра белы танец пачаліся чарговыя ўцёкі. Я не звярнуў увагі на тое, што ў мой бок накіравалася васьмікласніца Гэля — адна з найлепшых танцорак. «Вось пашанцуе некаму», — пазайздросціў я і вачыма пашукаў шчасліўчыка.
—Можна цябе запрасіць? — пачуў я Гэлін голас.
У мой бок сталі пазіраць не толькі вучні, але і настаўнікі. Я працягнуў левую далонь, у якую Гэля паклала сваю правую руку, правай абняў яе за талію, і мы пачалі кружыцца.
Мне здавалася, што ўся школа пазірае на мяне. Я баяўся, каб не наступіць сваімі чаравікамі на Гэліны белыя туфлі. Галава закружылася ад танца, перад вачыма ўсё замітусілася, паплыло. Дзеля большай апоры я пачаў заграбаць левай нагой. Пачуўся крыўдны смех. — Не спяшайся, — шапнула Гэля. — Слухай музыку і мяне.
Яна стрымлівала мой нязграбны танцавальны крок, лёгкім націскам то левай рукі, то правай падказвала, як лепш патрапіць у такт музыцы. Адчуўшы сябе больш упэўнена, я перастаў заграбаць нагой, і мы свабодна завальсавалі па зале.
Але тут падпільноўвала новая нечаканасць: я пачаў сутыкацца з іншымі парамі. Гэта збівала з рытму, і я ўсё-такі прызямліўся на Гэліну нагу. Хацеў ужо выйсці з круга, але Гэля стрымала мяне.
Мы зноў плаўна паплылі па хвалях музыкі, якая асаблівай асалодай напаўняла маю істоту. Я нават не пачуў, калі сціхла музыка, але Гэля тактоўна спыніла мяне. У гэты час зала ўзарвалася воплескамі. Я не адразу ўцяміў, што апладзіруюць нам.