Заслаўе
С. Берасцень
Што ведае пра Заслаўе ўяўны сярэднестатыстычны жыхар нашай краіны? Бадай, мала, а то і нічога.
Легендарны горад Рагнеды і сына яе Ізяслава, імя якога ператварылася ў тапонім’, надоўга схаваўся ў баку ад самай ажыўленай чыгункавай магістралі пад псеўданімам «Беларусь» — надта ж дзіўнай для звычайнай станцыі назвай. Нават адзначыўшы ў 1985 годзе сваё тысячагоддзе і набыўшы статус горада абласнога падпарадкавання, Заслаўе ўсё ж заставалася мястэчкам, безумоўна, менш папулярным у цікаўных падарожнікаў, чым Купалава вёска Вязынка.
Ад першабытных часоў да Полацкага княства, ад падзей у Вялікім Княстве Літоўскім да лёсу ў складзе Рэчы Паспалітай, ад веку пад уладай царскай Расіі да жыцця пры савецкай уладзе… Як салёна-гаркаватая кропля вады нясе ў сабе інфармацыю пра жыццё цэлага мора, так, пэўна, і лаканічная хроніка невялікага горада сведчыць пра салёна-гаркаваты лёс цэлага краю.
Чытайце пра Заслаўе! Пра неўмацаванае крывіцкае паселішча на беразе Свіслачы, якое змянілася ў 985 годзе горадам, названым Ізяслаўлем, што на пачатку дванаццатага стагоддзя стаў цэнтрам удзельнага княства Полацкай зямлі. Пра ўваход Ізяслаўскага княства ў склад Мінскай зямлі, а ў канцы трынаццатага стагоддзя — у Вялікае Княства Літоўскае. Пра пажары, міжусобіцы, рабаванне. Пра год жыцця «пад Польшчай», пра трагічны перыяд гітлераўскай акупацыі. Пра пасляваеннае аднаўленне горада, пра яго людзей…
Мінск з’явіўся на карце толькі таму, што пасля смерці Рагнеды і Ізяслава іх горад пераходзіў з рук у рукі, усе яго чарговыя гаспадары хацелі толькі ўзяць, але нічога не даць гэтай зямлі. А пакуль яны сцвярджалі сваю ўладу, пачаў развівацца Мінск. Калі б уладальнікі Заслаўя паводзілі сябе іначай, іншым быў бы і яго гістарычны лёс. Не ператварыўся б горад з больш як тысячагадовым радаводам у мястэчка побач са сталіцай, у спадарожнік, якому выпаў лёс абслугоўваць, забяспечваць прамысловыя патрэбы вялікага горада-суседа. I толькі ў 1967 годзе тут заснаваны гісторыка-археалагічны запаведнік.
Ці не кожнае з беларускіх мястэчак вабіць, як далёкая зорачка, святлом сваёй адметнай мінуўшчыны. У гэтым унікальнасць нашай краіны, яе культуры, яе неадназначнай гісторыі, старонкі якой звязаны з вельмі рознымі гарадамі, мястэчкамі, паселішчамі, нават сядзібамі, што тры стагоддзі таму зведалі смак еўрапейскай цывілізацыі.
Па-еўрапейску ладзілася жыццё і ў Заслаўі. Тут працаваў італьянскі дойлід Спампані. Тут жыў нейкі час беларускі асветнік, філосаф, гісторык Сымон Будны. Тут вялікая ўвага надавалася адукацыі дзяцей. У Заслаўскім маёнтку была мастацкая галерэя, з нагоды ўрачыстасцей выступалі музыканты мясцовай капэлы.
Рэлігійнае жыццё вызначалася поліканфесійнасцю. Значны ўплыў мела рэфармацыйная царква, а з канца васямнаццатага стагоддзя сталі пераважаць уніяты.
Калі гаварыць пра эканоміку, то Заслаўе таксама спазнала росквіт.
Нават за межамі краіны прадавалася прадукцыя цагельні, суконнай фабрыкі, завода па вырабе вапны. Еўрапейскую вядомасць меў конны завод. А яшчэ Заслаўе мела права чатыры разы на год праводзіць кірмашы. З’язджалася на іх больш за дваццаць тысяч пакупнікоў ды гандляроў. А дзе кірмаш, там і музыка… Не дзіўна, што і кірмаш, і музыка вяртаюцца ў Заслаўе.
У акружэнні цудоўнай прыроды, на зямлі, па якой хадзіла Рагнеда і яе сын, павінна існаваць адпаведнае духоўнае, культурнае асяроддзе. Каб кожны госць сталіцы нашай краіны імкнуўся наведаць і гэтую святую мясціну.