Беларускія тэксты

Здарэнне

I. Шамякін

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Дачакаліся дня, калі пайшоў снег, і позна ўвечары хлопцы рушылі на заданне. Пайшло пяць чалавек: Анатоль, Данік, Ціхан, Павел і Лёнік.

Але план аперацыі абмяркоўвалі з камісарам толькі Данік і Цішка. Анатоль не прыйшоў з меркаванняў канспірацыі, а новыя члены арганізацыі, як было дамоўлена, нічога не ведалі пра Лялькевіча і Сашу.

Саша ведала ўсе дэталі гэтага плана. I станцыю, якая знаходзілася кіламетраў за дзевяць ад іх вёскі, за лесам, яна добра ведала. Таму яе ўяўленні былі такія яскравыя, быццам раскрыліся сцены хаты, расступіўся лес — і яна ўсё бачыць наявў. Вось хлопцы выйшлі з лесу і па глыбокім снезе абыходзяць пасёлак. Добра, што ідзе снег і замятае адразу сляды. Вось яны ляглі ў кустах на беразе ручая. Адгэтуль да склада нейкіх метраў трыста. Правяраюць зброю. Далей паўзуць толькі трое — Анатоль, Цішка і Данік, захутаўшыся з галавы да ног у белыя балахоны, пашытыя ёю, Сашай, з тых накрухмаленых, прапахлых нафталінам прасцін, якія набывала яшчэ іх маці ў пасаг1 дочкам. Каля штабялёў бярвення, што навалены на гэты бок чыгункі, якраз насупраць склада, застаецца Анатоль, узброены нямецкім аўтаматам: у выпадку чаго ён павінен прыкрыць адыход хлопцаў. Далей паўзуць двое — Данік і Цішка. Самае цяжкае — перабрацца праз два пуці. Але яны перабіраюцца. I вось ужо стаіліся за вуглом склада, чакаюць, калі немец, які вартуе склад, наблізіцца да іх…

Саша разумее, што дарэмна яна ўяўляе ўсё гэта ўжо каторы раз за ноч. Калі ўсё добра, склады даўно гараць, а хлопцы вяртаюцца дадому. Лепш заснуць, каб не перажываць, каб хутчэй дачакацца брата.

I раптам — ціхі стук у шыбу з двара. Гэта ён, Данік. Але стук гакі трывожны, такі нецярплівы, што ў Сашы страшэнна закалацілася сэрца: гора. Яна ўміг саскочыла з печы. Гэтак жа хутка падхапіліся Поля і Лялькевіч.

—Што здарылася? — спытаў камісар на парозе, схапіўшы хлопца за рукі.

—Цішку ранілі, — ледзь прамовіў ён.

—Куды яго раніла? — спытала Саша, адразу зразумеўшы, што ёй трэба хутчэй бегчы туды. Гэтак жа, як тады, калі яна працавала фельчарам і калі яе вось так уначы выклікалі да хворага, яна вобмацкам пачала шукаць вопратку, на Хаду ўспамінаючы, дзе што ляжыць.

На дварэ гуляла завіруха. Толькі адчынілі дзверы — у вочы сыпанула сухім снегам. Вецер звінеў галінамі маладога клёна, выў і свістаў у шчылінах плота, у страсе хлява. За шашой глуха стагнаў бор. Вецер біў у твар. Ногі глыбока правальваліся ў снезе, і Саша спатыкалася, падала, перапаўзала гурбы каля агароджаў, не адчуваючы, як снег набіваецца ў рукавы. Данік час ад часу спыняўся, прыслухоўваўся.

Саша не разумела, што ён слухае і што можна ўвогуле пачуць у гэтым бясконцым шуме, ды калі яшчэ да таго ж ад бегу гудзе і стукае ў галаве. Але ні пра што пытацца ёй не хацелася. Яны ішлі моўчкі.

Саша за сваю практыку бачыла нямнога цяжкіх раненняў, аднак адразу зразумела, што гэта рана смяротная, што толькі неадкладная аперацыя ў добрых клінічных умовах, магчыма, магла б выратаваць жыццё Цішку. Балюча, да слёз балюча і крыўдна стала ёй, што яна нічым не здолее памагчы гэтаму хлопчыку і мужнаму герою.