Беларускія тэксты

Здарэнне ў парку

У. Караткевіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Бацька Алеся аб’явіў гасцям, што сённяшні дзень — першы дзень юнацтва яго сына. Дзеці сталі ў пары. Алесь апынуўся ля Майкі і працягнуў ёй руку. Радасна грымнуў аркестр, і пацяклі павольныя гукі паланэза. Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і сілу, паважна павёў даму да дзвярэй у малую залу.

Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецер.

Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Алесь з кожным танцам падыходзіў да Майкі і бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык.

Скакаць мазурку ён пайшоў з маленькай Ядзенькай. Заўважыў, як ахвотна дзяўчынка падала яму ручку, як заззялі яе лялечныя вочкі.

А потым быў перапынак, разносілі марожанае. Тут і падышла да Алеся Майка. Хлопец стаяў на верандзе, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія беглі ў цемру алей. А яна адшукала там яго і прапанавала пайсці ў парк.

Галоўныя алеі ў парку былі асветлены ланцужкамі ліхтарыкаў.

Аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.

Над сажалкай перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іх ног. Алесь шукаў словы, якія павінны былі легчы на ноты цішыні.

— Рыба любіць цёмныя ночы, — сказаў ён. — У такую ноч дзеці апранаюць цёплае рыззё і бяруць таптуху. Злоўленая рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар, пераліваецца, скача…

Ён заўважыў, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.

—Таптуха, рыззё… — агідным тонам сказала Майка. — Мілагучныя словы, нічога не скажаш.

У гэты момант яна здалася Алесю такой дурніцай, што ён зарагатаў.

Гэта, здавалася, збянтэжыла Майку. Яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах над цёмнай вадой. Хлопец павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.

I раптам за спінаю Алеся пачуліся трэск і ўскрык. Ён азірнуўся: тоўсты сук надламаўся і, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. А на ім, трымаючыся адной рукой за сук, а другой за ствол, вісела Майка. Хлопец кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую галіну, правую падаў Майцы. Яна ўхапілася, Алесь цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады хлопец сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.

Яны пачалі спускацца. Алесь адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі. 3 невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб сук. Майка заўважыла кроў на яго запясці. Яна хуценька ўхапілася тонкімі рукамі за край белай тканіны, павяла вострымі локцікамі ў розныя бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук. Майка зрабіла павязку з бантам, як шалік.

А потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў яны пайшлі да палаца, адкуль далятала музыка.