Беларускія тэксты

Знаёмая незнаёмка

Я. Мілашэўскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Ці даводзілася вам быць у такой сітуацыі: просяць праспяваць нешта наша, беларускае, а не атрымліваецца, бо не ведаем, не ўмеем. Шкада, бо менавіта песня — найлепшая візітоўка любой краіны. Ііагаворым пра адну такую візітоўку — песню «Купалінка».

«Купалінка» — гэта песня з намі паўсюль. Мы чуем яе з маленства, яна прысутнічае ў нашым жыцці як адна з тых мелодый, што памятае амаль кожны беларус. «Купалінку» спяваюць на сцэне, у гасцях, падчас свята і застолля, любяць гэту песню і эстрадныя выканаўцы, прапануючы новае яе прачытанне на ўласны густ.

Да нядаўняга часу традыцыйна лічылася, што «Купалінка» — народная песня. Ды і цяжка было падумаць інакш. Гэта прыгожая, чароўная песня адлюстроўвае самую сутнасць душы народа, яе дабрыню і сум.

Безумоўна, так яно і ёсць, за выключэннем аднаго: гэта песня, як і некаторыя іншыя, што яшчэ нядаўна лічыліся народнымі, напісана рэальным прафесійным аўтарам. Аднак аўтарства адной з самых вядомых нашых песень вярталася доўга. Напэўна, з-за таго, што традыцыйны, фальклорны тэкст песні быў вельмі ўдала стылізаваны адным з дзеячаў нашай культуры — Уладзімірам Тэраўскім.

Уладзімір Тэраўскі — беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст, адна з асоб, якія стаялі ля вытокаў стварэння новай беларускай оперы, нацыянальнай музычнай школы.

3 часам «Купалінка» набыла новыя сучасныя фарбы і гучанне. Гэта заслуга нашых знакамітых «Песняроў», якія з поспехам выконвалі песню на сцэнічных пляцоўках па ўсім свеце. Ды і сёння пра яе не забываюцца. Напрыклад, пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак сцвярджае, што ён выхоўваўся не толькі на класічнай музыцы, але і на беларускіх песнях, сярод якіх і «Купалінка». Выступаючы ў Беларусі, Аляксандр выканаў гэту песню, прадэманстраваў, што не забыў роднай мовы. Юнак расказваў, што калісьці ён вандраваў па розных краінах Еўропы. Данія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды… Нейкі час жыў у Парыжы, іграючы на вуліцах ды плошчах на гітары і спяваючы песні.

Песні выконваліся, як правіла, англійскія. Але вось раптам заспяваліся беларускія. I першым з таго, што прагучала на парыжскай вуліцы, была

«Купалінка». У выніку ў капялюш, што ляжаў ля ног вандроўнага музыкі, стала падаць шмат грошай. За «Купалінкаю» ўспомніліся іншыя беларускія песні.

Наша песня кранае душу і сэрца. Яна шчырая, працяжная, вечная, як і сам народ. Здаецца, што чысты і высокі голас пытаецца, заглядваючы ў патаемнае:

Купалінка, Купалінка, цёмная ночка, Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?

Гэта песня як знаёмая незнаёмка. Незнаёмка, бо кожны раз гучыць па-новаму, выяўляючы талент і душу спевака. Знаёмая, бо яна ўвабрала голас роднай зямлі: чысты голас ручайка, вечны голас шумнага бору, светлы голас лугоў і палёў. Гучыць, разносіцца песня, чаруе сваіх слухачоў марай аб нечым светлым, радасным і сумным адначасова. Гучыць песня, разам з ёю святлеюць душы і сэрцы ўсіх, хто дакранаецца да яе зместу і музыкі.

Калі ў кампаніі вас папросяць заспяваць па-беларуску, спявайце

«Купалінку». Абавязкова знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае гэту песню і падтрымае вас. I вашы галасы сальюцца ў чыстай і светлай мелодыі.