Каго шукае белая птушка?
М. Саньва
Каханне — вялікае і прыгожае пачуццё. Сапраўднае каханне сустракаецца не так ужо і часта. Светлае пачуццё маладосці чалавек праносіць праз усе гады. Нават у сталым веку ўспамін пра яго песціць і сагравае душу. Таму з вялікай асцярожнасцю, пашанай у народзе адносяцца да маладых. У песнях і казках прырода, людзі дапамагаюць закаханым, аберагаюць іх ад нядобрых і зайздросных людзей.
Паслухаем адну з легендаў, што расказвае пра глыбокае, але нешчаслівае каханне.
Гэта народная легенда распавядае пра падзеі, якія адбыліся шмат стагоддзяў таму ў маленькай вёсцы Зарэчча — прыгожым, маляўнічым кутку старажытнай Беларусі. Нездарма людзі пасяліліся менавіта ў гэтым месцы, дзе цудоўна спявалі птушкі, кветкі радавалі вока, ручаі беглі хутка, а сонейка радасна глядзела на ўсё гэта. У той вёсцы жыла прыгожая дзяўчына, якую звалі Ларыса. У яе былі блакітныя вочы, русыя валасы, стройная фігура, ды і па характары была яна добрая і вясёлая.
Аднаго разу Ларыса збірала ў лесе ягады і пазнаёмілася з юнаком, які жыў у суседняй вёсцы. Яго звалі Ясь. Спадабаўся дзяўчыне прыгожы хлопец, зачаравалі яе яго выразныя вочы колеру зялёнага лісця, усхваляваў дзявочае сэрца прыемны, глыбокі голас хлопца.
Маладыя закахаліся адзін у аднаго і сталі бачыцца амаль кожны дзень. Неяк раз гулялі яны па беразе рэчкі і сустрэлі там сяброўку Ларысы Вольгу. Убачыла тая прыгожага Яся і таксама закахалася ў яго. Марыла Вольга, каб і юнак адказаў ёй узаемнасцю. Ды дарэмнымі аказаліся ўсе яе хітрыкі і спробы завалодаць увагай хлопца. Каханне Ларысы і Яся было сапраўдным. Вырашыла тады Вольга звярнуцца да вядзьмаркі.
Узяла свае завушніцы і пайшла ў лес, дзе жыла чараўніца. Пакрыўджаная дзяўчына растлумачыла ўсё жанчыне і расплацілася за дапамогу залатым упрыгожаннем. А тая працягнула ёй маленькі кубак і сказала даць выпіць некалькі кропель эліксіру закаханым.
На другі дзень Вольга запрасіла Ларысу і Яся ў госці. Да пачастункаў яна падала адвар з чабору, у які падмяшала атруту. Закаханыя выпілі, але нічога з імі не здарылася. Тады Вольга зноў пайшла да вядзьмаркі. Тая дала ёй атручаны яблык.
Аднойчы моладзь з вёскі пайшла купацца. Ясь паклікаў на рэчку і сваю каханую. Ларыса з іншымі дзяўчатамі сабралася ісці купацца, а Ясю, які застаўся на беразе з хлопцамі, прапанавала паласавацца смачным яблыкам. Пакуль дзяўчаты забаўляліся ў рэчцы, Ясь пакаштаваў яблык.
Калі Ларыса вярнулася, то каханага ўжо не ўбачыла, толькі пакусаны яблык валяўся каля кошыка. Сказалі дзяўчыне, што Ясь адкусіў кавалак яблыка, збялеў як палатно, пабег у ваду, а назад не выйшаў. Не знайшлі яго ні жывога, ні мёртвага. Тады Ларыса ўзяла і даела той зачараваны чырвоны яблык. Але яна не памерла, а ператварылася ў белую птушку, якую назвалі чайкай. Вось і лятае яна ўсё жыццё над ракой ды шукае свайго каханага. А Вольга ў жыцці шчасця так і не знайшла. Мабыць, пакараў яе лёс за нядобрыя справы.
Легенда вучыць, што зайздросціць чужому каханню нельга. Трэба ўмець радавацца за іншых.