Беларускія тэксты

Кемлівая казуля

Я. Зазека

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Зіма прымчалася з поўначы на лютых вятрах.

Віхры гойсалі па палях, тармасілі дрэвы, валтузіліся ў кустах, біліся аб сцены, вылі, скуголілі, евісталі. Мароз з кожным днём мацнеў.

Застылі рэчкі, азёры, зямля стала цвёрдай як камень.

Ад сцюдзёных вятроў звяры і птушкі шукалі ратунку ў густых лясах.

Разважны воўк прыйшоў у лясны гушчар, каб пагрэцца і пашукаць спажывы. Брыдзе шэры па заснежаным лесе, уважліва аглядае малыя і вялікія сляды, прынюхваецца да іх.

Абышоў воўк лес і даведаўся, хто і калі тут быў. Пад раніцу рабілі хітрыя петлі асцярожныя зайцы, скакалі казулі, прабягалі лісіцы.

Нечакана воўк заўважыў на снезе незвычайныя сляды. Яны былі крыху большыя за лісіныя, з адбіткамі доўгіх, як цвікі, кіпцюроў. Невядома, чаго можна чакаць ад такога звера, але голад не цётка, і шэры разбойнік рушыў па свежых слядах.

Ідзе воўк па следзе, аглядвае снежныя заносы. Ад яго не схаваешся, не! Вось у цёмным маладым ельніку чарнее нара. Да яе пратаптана сцежка. Пацягнуў шэры носам і пачуў смачны барсуковы дух. Воўк, завіхаючыся, пачаў раскопваць нару. Ды дарэмна: мёрзлая зямля была занадта цвёрдая. Воўк пастаяў крыху над нарой і падаўся ў гушчар.

Надыходзіла раніца, мароз мацнеў. Стыла ў жылах кроў, ледзянелі лапы. У жываце ў шэрага было пуста, голад даймаў яго. Белае маўчанне лесу, холад і голад абудзілі ў звера дзікі страх. Воўк выбег на прагаліну, падціснуў хвост, узняў галаву да нізкага неба і завыў.

У адказ дзесьці далёка ў лесе пачулася воўчае выццё. Спачатку басам выла, відаць, старая ваўчыца, потым тонка і працяжна ёй пачалі падвываць маладыя.

Воўк кінуўся ў той бок, адкуль чулася выццё. Хутка праскочыў стары лес і апынуўся ў дробным хмызняку, які падняўся на высечках.

Палымнела на ўсходзе зара, яе ружовыя водбліскі лажыліся на абмеценыя снегам кусты, на калматыя ад інею маладыя дрэўцы. Крыху ў баку ад прасёкі, на якую воўк выбег, ён убачыў казулю.

Са смакам абгрызаючы лазовую кару, казуля перабягала ад аднаго куста да другога. Воўк пачаў падкрадвацца да яе. Прапаўзе некалькі крокаў і прыпадзе да зямлі, ляжыць, цікуе, не зводзіць вачэй.

Вось цела звера наструнілася, хіб натапырыўся. Воўк падрыхтаваўся да скачка. Ён ужо быццам адчуваў у зубах свежыну. Сліна пузырылася ў кутках яго разяўленай пашчы.

У гэты небяспечны момант казуля падняла галаву і ўбачыла ваўка. Доўга не думаючы, яна зрабіла пругкі скачок убок і кінулася ў лес. Воўк выскачыў з-за кустоў з такім спрытам, што ажно снег слупам паляцеў угору, і прыпусціў за ёю. Стройнае цела казулі выцягнулася ў імклівым бегу. Яна, нібы на крылах, пералятала цераз кусты, завалы, калоды, кідалася то ў адзін, то ў другі бок. Але воўк не адставаў. Ён нават стаў забягаць ёй наперад. Тады казуля, шукаючы ратунку, зноў памчалася ў густы маладняк. Воўк пайшоў ёй наперарэз. Шэры вось-вось дагоніць яе.

Адзін момант — і казуля скочыла ўбок і крута павярнула на лясную дарогу, што вяла да леснічоўкі. Воўк не мог адразу спыніць шалёнага бегу і з разгону зарыўся мордай у снег. Але тут жа падхапіўся і рынуўся следам.

Яшчэ хвіліна, яшчэ другая… I вось леснічоўка. Магутным скачком казуля пераляцела цераз плот і кінулася ў расчыненыя сенцы.