Беларускія тэксты

Кола жыцця

Б. Сачанка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Што такое жыццё? Дзеля чаго даецца яно чалавеку, дадзена табе, мне, яму, ёй — наогул усім нам, людзям? Што ведаем мы пра іх, нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, пра іх жыццё-быццё, іх думкі і мары, клопаты і турботы? Ну не пра ўсіх, хто жыў даўным-даўно, дык хоць бы пра свой род, сваіх продкаў?

Дрэва без каранёў не бывае. Ёсць свае карані і ў кожнага з нас, і ўваходзяць яны ў глыбіню стагоддзяў. Праўда, не заўсёды лёгка іх адшукаць, дакапацца да іх. Не ва ўсіх, далёка не ва ўсіх продкі чым-небудзь вызначыліся, праславіліся. Ды і хто яны такія, каб трапляць на старонкі летапісаў ці ў аналы гісторыі? У большасці гэта звычайныя, простыя людзі, якія палявалі на звяроў, лавілі рыбу, засявалі поле, даглядалі жывёлу, гадавалі дзяцей — словам, жылі.

Кола жыцця са стратай аднаго чалавека не замыкаецца. Застаюцца ж на зямлі дзеці, унукі, праўнукі. Яны вырастаюць, жэняцца, нараджаюць сваіх дзяцей. Жыццё не спыняецца, ідзе, імкне наперад, але куды? Ніхто, ніхто не ведае, сказаць не можа.

За адным пакаленнем людзей прыходзіць яшчэ і яшчэ пакаленне, Вясна, лета, восень, зіма, за імі зноў вясна, лета, восень, зіма… Падае ў зямлю зерне, прарастае, дае ўсходы, а новае зерне дае новае насенне. Зелянеюць дрэвы і кусты, жаўцеюць, скідваюць з сябе лісце, застаюцца быццам голыя. Прылятаюць з выраю птушкі, адлятаюць у вырай.

Святло — цемра, дзень — ноч, і зноў святло — цемра, дзень — ноч… Узыходзіць і заходзіць сонца. I ўсё гэта, увесь гэты кругазварот, дзеля чаго? Навошта было нараджацца і жыць майму бацьку, дзеду, прадзеду, прапрадзеду? Няўжо толькі для таго, каб жыў я? А дзеля чаго жыву я? Каб расказаць, што да мяне ўжо жылі людзі? А можа, зусім дзеля іншага, але чаго? Каб гэтак жа, як пакінулі пасля сябе жыць мяне, я таксама пакінуў на зямлі жыць сваіх дзяцей? А дзеля чаго я павінен пакінуць жыць на гэтым свеце, на гэтай зямлі сваіх дзяцей? Няўжо толькі дзеля таго, каб і яны ў сваю чаргу пакінулі пасля сябе жыць сваіх дзяцей, каб зямля не абязлюдзела, каб на ёй вечна, заўсёды жылі людзі?..

Узыходзіць сонца і заходзіць. Святло — цемра, дзень — ноч, і зноў святло — цемра, дзень — ноч. Прылятаюць з выраю птушкі і адлятаюць у вырай. Зелянеюць дрэвы і кусты, жаўцеюць, скідваюць з сябе лісце, застаюцца быццам голыя. Падае ў зямлю зерне, прарастае, дае ўсходы і новае зерне дае новае насенне. Вясна, лета, восень, зіма, і зноў вясна, лета, восень, зіма…

За пакаленнем людзей ідзе новае пакаленне, за ім — яшчэ і яхпчэ пакаленні. Жыццё не спыняецца, прадаўжаецца. I мы — ты, я, ён, яна — у гэтым кругазвароце — адна маленечкая пылінка, хвілінка. Што ж, калі нельга інакш, будзем жыць так, як наканавана нам, як да нас жылі нашы продкі, як завяшчалі жыць і ўсім нам, тым, хто прыйшоў і прыйдзе на змену.

Дзень добры, жыццё! Як хораша, слаўна, што ты ёсць! I менавіта такое, якім мы цябе бачым, ведаем, адчуваем. Хвала і слава табе на векі вечныя!