Беларускія тэксты

Краіна замкаў

Я. Малішэўскі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Вымаўляючы слова «замак», адразу прыгадваеш высокія муры, магутныя вежы, вузкія байніцы, стук мячоў. Часы рыцараў даўно мінулі, а сведак сівой старажытнасці і сёння можна пабачыць у розных краінах. Так склалася, што больш вядомымі сталі замкі Заходняй Еўропы. Яны дэманструюцца ў мастацкіх і дакументальных стужках, на фота, у сувенірах і гэтак далей. Але і ў Беларусі ёсць тое, што нічым не саступае сусветна вядомым замкам.

Раней наш край так і называўся — Краіна замкаў. I ў гэтым была праўда. Краіна, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, вялікую частку жыцця была вымушана думаць пра сваю абарону. Мірныя часы занадта часта і надоўга змяняліся войнамі, разбурэннямі і ўсім тым, што спадарожнічае змаганню з чужынцамі. I вось у тыя часы дзясяткі замкаў паўставалі ў беларускіх гарадах, мястэчках і вёсках. У кожным з іх, нібы ў люстэрку, адбілася гісторыя нашых земляў. Войны, гонар, здрада, знакамітыя людзі, мужнасць і воля…

Са сцен замкаў ляцелі стрэлы, білі па ворагу мушкеты, гарматы. У гэтых мурах нашы продкі праяўлялі ўзоры мужнасці і адвагі. Там жылі і дзейнічалі і простыя людзі, і тыя, чыёй прафесіяй была вайсковая справа, — князі, каралі. Усе яны бралі зброю з адным намерам — бараніць Радзіму.

3 тых замкаў, якімі была калісьці так багата наша зямля, захавалася толькі невялікая частка. Але ўсе яны для нас «на вагу золата», бо менавіта гэтыя муры — слава і гісторыя Беларусі. Замкі стрымлівалі ворагаў-захопнікаў. Гэтыя ўмацаванні ўзводзілі нашы продкі — муляры, цесляры, кавалі. Воіны часта коштам свайго жыцця трымалі абарону нават тады, калі здавалася, што ўсё страчана. I перамагалі!

Кожны з замкаў мае сваё аблічча, выгляд, асаблівасці. Часам гэтыя велізарныя абарончыя збудаванні знаходзяцца на высокіх пагорках, з якіх на многія кіламетры відаць усё наваколле, як у Навагрудку. Часам яны нагадваюць невялікі квадрат з вежамі па вуглах, абведзены ровам, запоўненым вадой, як у Міры. Некаторыя з замкаў былі цалкам або моцна разбураны ворагамі, іншыя — перабудаваны, як у Гродна.

Кожнаму выпаў свой лёс.

Але час мінае, і нашы вартаўнікі мінулага пачынаюць аднаўляцца, паўставаць з руін. Мірскі і Нясвіжскі замкі імкліва вяртаюць сабе былое хараство, некаторыя яшчэ рыхтуюцца да таго, каб аднавіць ранейшую веліч. Але кожны з іх — гэта жывая гісторыя, часам з тымі падзеямі, што сталі важнымі не толькі для Беларусі, але і шмат для якіх іншых краін.

Абаронцы нашай зямлі заслугоўваюць таго, каб іх ведалі, каб памяталі. Тым больш што гісторыя Беларусі — Краіны замкаў — адна з найцікавейшых у свеце.

Замкі нашай краіны — гэта наша гісторыя. Яны маўклівыя і ў той жа час такія гаваркія сведкі таго, што адбывалася на роднай зямлі. Іх старажытныя сцены могуць расказаць пра мірныя дні і войны, перамогі і паражэнні, славу і здраду. Толькі чалавек, што не цэніць сваёй гісторыі, раўнадушна, абыякава пазірае на гэтыя збудаванні. Чалавек разумны, удумлівы, адказны бачыць у замках вартаўнікоў нашай мінуўшчыны.

Трэба толькі ўслухацца ў нягучныя іх расказы — і гісторыя ажыве.