Беларускія тэксты

Крыніца

I. Масляніцына

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Зычныя гукі паляўнічых заставаліся дзесьці збоку. Счырванелы ад хуткай скачкі, князь амаль не чуў іх. Уся ўвага яго была скіравана наперад, дзе паміж галін мільгала белая спіна аленіхі. Адчувалася, што яна ўжо стамілася і хутка пагоня скончыцца. Так і ёсць. Аленіха спынілася і, цяжка дыхаючы, павярнулася да князя, каб годна сустрэць праціўніка. Князь нацягнуў лук, і раптам… аленіха знікла. Разам з ёю паплылі, расталі ў цемры дрэвы. Князь выцягнуў руку і не ўбачыў яе, паднёс да вачэй — таксама не ўбачыў.

Страшэнная здагадка ўдарыла князя: ён аслеп! Князю неаднойчы даводзілася бачыць сляпых людзей. Гэта былі і дружыннікі, што страцілі зрок у бітвах, і сівыя шаноўныя мужы, вочы якіх гаслі павольна і доўга. Але каб аслепнуць нечакана, без усякіх прыкмет хваробы, аслепнуць зусім маладым… У злосці князь ударыў каня, і той ад нечаканасці скінуў князя на мяккую траву. Пэўны час князь няўпэўнена ішоў наперад. Потым спыніўся, апусціўся на зямлю. Раптам хруснула галінка. Князь уздрыгнуў. Хтосьці набліжаўся да яго. Нечыя вялікія мяккія рукі апусціліся на яго плечы, дапамаглі яму ўстаць.

Хто ж стварыў з табою такое, княжа?

Мабыць, Бог. Але за што — не ведаю.

—Ідзі за мною, не бойся, — уздыхнуў субяседнік. — Ніхто не пакрыўдзіць цябе, пакуль я з табою.

Яны ішлі зусім нядоўга. Потым стары ўвёў князя ў сваё жытло. Тут было цёпла і пахла ляснымі травамі.

— Стары, дай мне атруты. Такой, каб не было ні пакут, ні страху.

Гэта словы слабага чалавека, княжа, — адгукнуўся стары.

—А што ж мне яшчэ застаецца?

—Спаць. А раніцай я паспрабую памагчы табе.

Шэрай раніцай разбудзіў стары князя. Ішлі яны нядоўга. Спыніліся ля гліністага ўзгорка, дзе рос густы арэшнік. 3-пад яго карэння ледзь бачным струменьчыкам прасочвалася вада. Стары пачаў сваё апавяданне:

—Калісьці тут біла крынічка. Вада была гаючай, многія хваробы лячыла. У пашане ў людзей была крыніца, прыходзілі яны сюды па цудоўную ваду з усіх бакоў. Але аднойчы здарылася вялікая бяда. Стары князь, твой бацька, паляваў у гэтых мясцінах. Конь яго схіліўся да вады, каб напіцца, ды паслізнуўся і зламаў нагу. I князь загадаў пакараць крыніцу, засыпаць яе. Тады і апусцелі гэтыя мясціны. Табе б, княжа, вады гэтай папіць ды вочы ёй прамыць. Можа, хвароба твая і прайшла б. Відаць, вельмі цяжкі грэх узяў на душу бацька твой, засыпаўшы крыніцу. I хвароба твая — кара за той грэх.

Штодзень прыводзіў стары князя да крыніцы, і ўвесь дзень сляпы дакопваўся да вадзіцы, пахаванай калісьці. Спачатку яе набіралася столькі, каб змачыць ёю вочы, а потым больш, каб зрабіць глыток, другі. Праз тыдзень з-пад пальцаў князя заспяваў, зазвінеў чысты струменьчык. Піў гэтую ваду князь вялікімі, прагнымі глыткамі. I падстаўляў вочы свае пад яе, і слёзы радасці, змешваючыся з вадою, сцякалі па яго твары. Тады ён спачатку няясна, а потым усё выразней убачыў галіны дрэў з трапяткім зялёным лісцем, сонца паміж верхавінамі соснаў, добры, у дробных маршчынах твар старога.

Кажуць, яшчэ шэсць тыдняў ездзіў князь да крыніцы, пакуль не стаў зрок яго такім вострым, што змог ён весці сваё войска да перамогі. А на зямлі, дзе рукамі сваімі адрадзіў князь гаючую крыніцу, па яго волі была пабудавана царква, настаяцелем у якой стаў добры стары.