Лазовы куст
Легенда
Адкупіліся аднойчы ў пана два бедныя мужыкі, якія шмат гадоў збіралі капейчыну да капейчыны, купілі тры дзесяціны добрай, урадлівай зямлі, каб пабудавацца на ёй і гаспадарыць. Ды не ведалі толькі, дзе паставіць хаты, шкада ж кожнай пядзі дарагой зямліцы.
Доўга яны разважалі ды меркавалі і нарэшце вырашылі каля самага краю свайго ўладання, непадалёку ад рэчкі, высечы вялізны лазовы куст і на яго месцы пабудавацца. Справіліся з лазой: высеклі, выкарчавалі, нават галіны спалілі. Як і задумалі, збудавалі па хаце і пачалі жыць. Перазімавалі, а вясной, ледзь толькі сышоў снег, яшчэ і травіца не паспела зазелянець, бачаць: пасярод двара, на гародзе ды і пад сценамі хат — усюды прабіўся лазняк.
Нічога не падазраючы, зноў узяліся мужыкі за сякеры і павысякалі амаль паўметровыя лазовыя парасткі. Ды дзе там!
Выйшлі раніцай скаціну дагледзець, а за ноч лаза ўжо на цэлы метр вымахала. Мужыкі зноў за сякеры і гэтым разам усю лазу, аж да апошняга прутка, высеклі, сабралі і спалілі на вогнішчы. Не дапамагло: за ноч зноў увесь двор лазой зарос. Зразумелі нарэшце мужыкі, што тут нешта нядобрае, і больш не чапалі лазу. Вырашылі пачакаць, паглядзець, што ж далей будзе. А далей не стала мужыкам ад той лазы ніякага жыцця. Так яна разраслася, што ўсё на градах пад ёй засохла-загінула, а праз двор, да паветак1 ці на дарогу, як па густым лесе, даводзілася прабірацца.
Заходзілі суседзі, глядзелі на дзівосны лазняк, шкадавалі мужыкоў, розныя парады давалі, як ад кустоў пазбавіцца. Хто раіў пад карані солі падсыпаць, хто — вадой заліць, а хто і наогул казаў, што трэба зімы дачакацца, можа, вымерзне жывучае кустоўе. I вось аднойчы завітаў да тых мужыкоў дзядок, увесь у белым адзенні, з кульбай у руцэ і пустой торбачкаю за плячамі. Вады папрасіў напіцца. Ды толькі напаілі яго шматпакутныя спагадлівыя гаспадыні не вадой, а малаком, салодкім, халодненькім. Азірнуўся вакол дзядок ды і дзівіцца, што людзі ў такім дзікім кустоўі жывуць і не скардзяцца.
А жанчыны яму ў адказ:
Ды які з таго толк! Каму мы толькі не расказвалі пра сваю бяду, чыіх толькі парадаў не слухаліся! I солі пад карані сваёй лазе падсыпалі, і тапілі, і вымаразіць спрабавалі — нічога не дапамагае, як расла, так і расце безупынна. У нас ужо і рукі паапускаліся, адзін, відаць, паратунак — на новае месца перабрацца.
Уздыхнуў дзядок, зірнуў яшчэ раз на лазу, якая ўжо і хаты перарасла, і кажа:
Не, дачушкі, калі мяне паслухаеце і ўсё, што скажу, зробіце, не давядзецца вам на новае месца перабірацца. А зробіце вось што. Дачакайцеся першага дожджыку. Як замжыць, асцярожна кожную лазінку выкопвайце, нясіце хутчэй да рэчкі і там, на беразе, як найглыбей пасадзіце. I калі наказ мой дакладна выканаеце, то ўвесь куст да вясны сам да рэчкі перабярэцца.
Расказаў пра ўсё гэта дзядок, падзякаваў за малако салодкае, выйшаў за брамку і адразу ж знік невядома куды.
Хаця асабліва і не паверылі дзядку мужыкі і жанчыны, але ўсё-такі, пакуль імжыў першы пасля той размовы дожджык, перанеслі са свайго двара і пасадзілі на беразе Волмы пучок лазовых пруткоў. I ўсё спраўдзілася, як і казаў той дзядок. За якінебудзь тыдзень высахла лаза на двары і на гародзе аж да апошняга прутка. А на голым беразе Волмы вырас малады лазовы куст.
Вось ад тых дзвюх хацінак і пайшла вёска. I хаця ні ў каго больш на двары лаза не расла, нават не з’яўлялася, вёска ўсё ж паспела атрымаць сваю назву з-за таго злашчаснага куста. Так гэтая назва Лазовы Куст за ёй і засталася.