Лось
У. Ягоўдзік
Лось — лясны асілак, але нікога не крыўдзіць. Рогі ласіныя быццам карона. Пэўна, за сілу і дабрыню носіць гэтую карону лось. I толькі раз у год скідае яе з галавы. А замест скінутай у яго вырастае новая, яшчэ большая і прыгажэйшая. Па ласінай кароне, кажуць паляўнічыя, можна нават вызначыць узрост жывёліны: колькі на рагах сучкоў-адросткаў, столькі і гадоў ласю.
Магутнымі рагамі і вострымі капытамі лось бароніцца ад лютых драпежнікаў — ваўкоў, а заадно ахоўвае ласіх — сваіх бязрогіх сябровак. А восенню, па ранішняй і вячэрняй зары, як і належыць сапраўдным рыцарам, ласі спяшаюцца на рыцарскі турнір, які яшчэ называюць ласіным гонам. У гэты час яны поклічна равуць, быццам трубяць у старадаўнія трубы, і далёка па барах і лясах коціцца пагрозлівае глухое рэха.
Няма цікавейшага відовішча, калі на прасторнай лясной паляне сустрэнуцца лоб у лоб, рогі ў рогі два сапернікі і пачынаюць мерацца сіламі. Далёка па наваколлі разносіцца сухі трэск зацятай бойкі і раз’ятранае дыханне. Ляціць з-пад капытоў мох, ломіцца пад цяжарам магутных туш узлесак.
Бывае, ласі разыходзяцца, каб адпачыць, і з новай сілай кідаюцца адзін на аднаго, аж пад нагамі ў іх стогне зямля.
Нарэшце адзін са звяроў, слабейшы, не вытрымлівае шалёнага напору і паспешліва, без аглядкі, хаваецца ў гушчары. А пераможца з горда ўзнятай каронай застаецца на паляне і потым разам з маладой ласіхаю святкуе перамогу, абгрызаючы горкую асінавую кару.
Мінае нялёгкая галодная зіма. Вясною ў ласіных статках з’яўляюцца малыя ласяняты. Яны цыбатыя і няўклюдныя, гарбаносыя, як і іх бацькі, з вялікімі лапушыстымі вушамі. У няволі ласяняты лёгка прыручаюцца, толькі не скупіся на ласункі-пачастункі. Ласі наогул вельмі даверлівыя, часта сустракаюцца блізка ад лясных сцежак і дарог. Часам завітваюць у вясковыя гароды, гарадскія лесапаркі. Для іх не перашкода шырокія рэкі, глыбокія азёры, бо ласі добра плаваюць. Нават самыя непраходныя балоты яны адольваюць дзякуючы сваім капытам.
Аднойчы давялося мне сустрэць лася на ўскрайку горада. Выйшаў я на сцежку, што вяла да Свіслачы. Мінуў густы вішняк, апынуўся ў лагчыне, дзе рос альшэўнік. Раптам з недалёкага хмызняку пачуўся трэск. Гляджу і не веру сабе самому. Лось! А дакладней — ласіха, бо галава без кароны. Яна выбегла крокаў за трыццаць ад мяне. Белыя цыбатыя ногі лёгка неслі дужае бурае тулава. Прыгожая гарбаносая морда трошкі ўскінута ўгору, вялікія чуйныя вушы натапыраны.
Шчыра сказаць, я спачатку разгубіўся ад такой нечаканай сустрэчы.
Адкуль узялася тут, на гарадской ускраіне, гэта прыгажуня? Што яе прывяло сюды? Няўжо ўначы заблудзілася? А ласіха тым часам імчала проста да драўляных будынкаў, за якімі грувасціліся шматпавярховыя дамы.
Я не стрымаўся, пусціўся подбегам за ласіхай. Хоць і дакараў сябе: лепш пакінуць жывёліну ў спакоі.
Гаспадыня саду, у які накіравалася ласіха, была якраз на двары. Я паклікаў гаспадыню за хату, там мы і ўбачылі каля маладой яблыні лясную госцю. Але самае дзіўнае, што ласіха пасля нашага з’яўлення не кінулася ўцякаць. Яна замерла на месцы з нагнутай да зямлі галавою, нават не варушыла насцярожанымі вушамі. Стаяла і пазірала на нас, а мы на яе. «I чаму я не захапіў з сабою фотаапарат?» — ужо каторы раз дакараў я сябе. Тут раптам гаспадыня саду схапіла нейкую палку і крыкнула:
Ну, чаго стаіш? Там у мяне бульба пасаджана. Ідзі, ідзі адсюль, а то зараз сабаку спушчу!
На душы стала прыкра, і я не стаў чакаць, пакуль ласіха схаваецца за чаромхавымі кустамі. Моўчкі пайшоў дамоў. А па дарозе думаў: «У казках звычайна бывае шчаслівы канец. I з гэтаю лясною госцяю таксама ўсё будзе добра».