Беларускія тэксты

Матчын падарунак

А. Цяжкі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У Толіка сёння дзень нараджэння. Дваццаць гадоў споўнілася.

Прыемна было б, каб сёння, як толькі ён прыйдзе ў цэх, акружылі яго рабочыя і сціпла, па-мужчынску павіншавалі. Каб майстар Антон, з якога трэба абцугамі словы выцягваць, таксама падышоў да Толіка, паціснуў руку і ўсміхнуўся. Толькі гэтага не будзе па той простай прычыне, што ніхто не ведае, якая сёння ў Толіка дата.

Дзень прайшоў звычайна. Калі Толік выйшаў за прахадную, то задумаўся, куды сябе падзець, чым заняцца. У пустую кватэру ісці не хацелася. Што там рабіць? Можа, у кіно падацца? Але сеанс толькі што пачаўся, а да наступнага амаль дзве гадзіны. А можа, дадому з’ездзіць? Заўтра выхадны дзень. А дома добра: выспішся ўволю на духмяным сене, маці смачных аладак напячэ. Толік канчаткова вырашыў паехаць у вёску і пакрочыў на аўтобусную станцыю.

Дома яго, як заўсёды, з вясёлым брэхам сустрэў Рудзік. Скуголіў, круціўся вакол, скакаў яму на грудзі, стараючыся лізнуць твар, нібы ведаў, які сёння вялікі дзень у яго сябра.

Маці парадкавала ў хляве. Толік прытуліўся да веснічак і задумаўся.

Яму раптам стала не па сабе ад той думкі, што ён, быццам госць, прыязджае ў сваю вёску, у родны дом. I навошта было ехаць у той горад? Хіба ў калгасе не было працы? Жыў бы зараз у бацькоўскай хаце. I маці лягчэй было б. А то гадавала, гадавала дзяцей, а прыйшоў час — і пагаварыць няма з кім.

Нарэшце маці выйшла з хлява, паставіла ля калодзежа вядро і пачала мыць рукі. Угледзеўшы сына, усміхнулася, запрасіла ў хату. Там смачна пахла свежым хлебам, яблыкамі і яшчэ нечым родным, даўно-даўно знаёмым. Толік патупаў хвіліну каля стала, абвёў вачыма пакой, нібы шукаў змен, потым распрануўся.

Маці сказала:

—Рэдка прыязджаеш, сынок. Калі б ты сёння не прыехаў, я пакрыўдзілася б.

Яна заслала белым абрусам стол, выняла з печы вялікую патэльню з яечняй, прынесла свежых агуркоў, талерку духмянага мёду. Потым падалася да скрыні, выняла адтуль ці то хустку, ці то нешта іншае, беражліва паклала Толіку на плячо і ціха сказала:

— Гэта твая, сынку. Дваццаць гадоў берагла.

У Толіка на плячы ляжала дзіцячая кашулька. Ён асцярожна ўзяў яе ў рукі і пачаў разглядаць. Кашулька была маленькая, нібы ляльчына сукенка. Унізе матчынай рукой быў вышыты чырвонымі ніткамі немудрагелісты ўзор, каўнерык і рукавы абрамлялі вузенькія каруначкі. I вышыўка, і матэрыял ад мыцця і часу крыху пацямнелі. Толіку было і смешна, і радасна. Яму ніяк не ўдавалася ўявіць сябе ў такой маленькай кашульцы.

«Гэта ж трэбаі Такі сюрпрыз!» — расчулена думаў ён. Сэрца напоўнілася цеплынёй і пяшчотай, і Толік, як у далёкім дзяцінстве, раптам прыпаў да матчынага пляча.

Як добра, як прыемна было маці! Бо даўно-даўно яна не абдымала яго, не гладзіла гэтыя віхрастыя валасы, бо сын саромеўся такіх пачуццяў. А вось зараз не пасаромеўся.

I доўга яшчэ стаялі яны, прытуліўшыся адзін да аднаго, такія родныя, такія блізкія людзі.