Мележаўскія Курані
М. Мятліцкі
Шырокі, агорнуты голлем старых бяроз Юравіцкі шлях уезджаны за стагоддзі. Яго кіламетры неаднаразова змераны крокамі Івана Паўлавіча Мележа, якому выпала абяссмерціць гэтую зямлю ў айчыннай літаратуры. Абапал, забітыя нізкарослымі непраходнымі лазнякамі, драмалі балоты, чапляліся за лапіны пяскоў. За імі былі хаты на востраве, юравіцкія прысады, густая зеляніна садоў, прытуленых да ўзгоркаў. I зараз там цэлымі днямі топчуцца каля хат сівабародыя дзяды, пільнуюць, каб дзеці не абабралі яблынь. А вось і сама гара, дзе даўнымдаўно, як сцвярджаюць старажылы (а вучоныя таксама на іх баку), знаходзілася першабытная стаянка людзей. Яна — гонар палешукоў. 3 гэтых мясцін (а мо і праўда?) паходзяць усе славяне. А значыць, і мова наша, і песня наша справілі тут свае радзіны.
Віхлявая стужка Прыпяці ў лугах за Юравічамі, хвойнікі, змрочныя, як сама мінуўшчына гэтай зямлі. Палессе… Яму, захмаранаму і распагоджанаму, час дае дакладнае мележаўскае азначэнне. Не адно пакаленне, як ваду з калодзежа, будзе чэрпаць для сябе ў гэтым слове, адкрываючы невычэрпнае хараство душы палешукоў. Ніколі не страціцца адчуванне Мележавай прысутнасці сярод яго бароў і палёў, сярод яго людэей. Колькі б віхур ні пранеслася над балотным краем, які б горкі чарнобыльскі вецер ні працінаў наскрозь, усё ж адно імгненне яго жыцця застанецца непадуладным часу: на бессмяротных старонках пакінута напаказ цэламу свету яго адвечнае гора і яго першая радасць. Сярод усіх чалавечых паселішчаў краю своеасаблівае месца занялі мележаўскія Курані.
Можна запярэчыць: гэта ж пісьменніцкі вымысел, Куранёў жа няма. А тыя, каму што-нішто вядома пра гісторыю твора, ахвотна скажуць:
«Гэта ад Каранёўкі пайшло. Яна непадалёк, за лесам». I вечарам можа падацца неверагоднае: на даляглядзе з’явяцца агеньчыкі хат Чарнушкі, Дзятла, Глушака… I гэта будуць Курані. Іх месцазнаходжанне — мінулае, сучаснае, будучае. Як бы далёка ні разбягаліся нашы дарогі, у якіх бы гасцях ні бывалі мы, нам не забыць Куранёў — свой дом, свой край, свой народ. Яны не раз паклічуць да сябе самым родным: матчынай мовай і матчынай песняй. Іх не адмовіць наш напружаны час, як бы ні выбіваўся ён у інтэлектуалы, бо без радзімы чалавека няма. I як гэта хораша, што нам, дзецям касмічнага веку, ёсць куды вяртацца. У Каранёўку, у Глінішчы, у Алексічы, у ацалелыя паслячарнобыльскія вёскі Палесся, якія не раз глыталі слёзы сваёй бяды, аднак збераглі духоўныя скарбы гэтага краю.
Глінішчы. Пачатак Куранёў. Тут упершыню пачуў пісьменнік гукі роднага слова, мову народа, палюбіў не падобныя да іншых гаворкі наваколля, сабраў да драбніц гэта першароднае хараство, абяссмерціў, раздаў героям «Палескай хронікі». Тут упершыню пачуў ён песню пра вербы ў канцы грэблі, што шумелі над яго маленствам. Прасіў зямлячак-харыстак на аўтарскім вечары ў Мінску:
«Праспявайце!» I ўсяго гэтага хапала яму, знявечанаму вайной, хвораму, каб штодня тварыць шчырую праўдуКуранёў.
Ён мала расказваў землякам пра свае кнігі. Рабіў шматлікія накіды, зноў і зноў перапісваў цэлыя раздзелы з будучых кніг-працягаў, не спяшаўся задаволіць адну толькі чытацкую цікаўнасць: што будзе з ягонымі героямі далей? Турбавала іншае: толькі б не страціць гістарычнай праўды Куранёў, данесці яе, сумленна ўзараць літаратурную цаліну Палесся. Ведаў: гэта забрала яго ў палон на ўсё жыццё.