Беларускія тэксты

Мядзведзіца

Я. Зазека

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Лес тут быў стары, глухі. Магутныя дубы абраслі сівым мохам.

Медныя калоны высокіх гладкіх хвояў пазелянелі ад старасці. Таўшчэзныя калматыя елкі высока вынеслі свае вострыя верхавіны да сонца, а ўнізе ўчэпіста перапляліся шырокімі густымі лапамі.

Мясціны гэтыя знаходзіліся далёка ад паселішчаў. Спакойна жылося тут звярам.

Мядзведзіца, жыхарка гэтага лесу, прачнулася разам з сонцам. Яна пацягнулася раз-другі, пазяхнула і асцярожна, каб не разбудзіць сваіх маленькіх дзяцей, вылезла з бярлогі, прыслухалася. Яе вуха лавіла кожны шолах, кожны гук лесу. ГІераканаўшыся, што небяспекі паблізу няма, мядзведзіца пайшла глухой звярынай сцежкай, абмінаючы густыя зараснікі. Нарэшце скрозь галлё ельніку пачала прасвечвацца палянка. На старых высечках рос маліннік.

Сонца паднялося над лесам. Промні яго трымцелі, пераліваліся, ззялі рознакаляровымі іскаркамі на росных лістах. Спелая маліна гарэла рубінамі. Мядзведзіца ўзялася абскубаць ягады лапамі, злізваць маліну з кустоў языком.

Медзведзяняты прачнуліся і ўбачылі, што няма іх маці. Ім зрабілася сумна адным у цёмнай бярлозе. Малыя паціху заскуголілі, а потым вылезлі з бярлогі і пайшлі гуляць па лесе. Хораша было навокал. Адна перад другой спявалі, ціўкалі, крычалі птушкі. Ад радасці медзведзяняты пачалі куляцца цераз галаву, дужацца, гарэзліва цягаць адно другога за вушы. Чаго толькі яны не выраблялі!

Тут, на сонечнай палянцы, і натрапіў на іх ляснік Рыгор Доўбік.

Медзведзяняты ніколі не бачылі чалавека. Ад страху поўсць на спіне ў іх стала дыбам. Яны задам пачалі адыходзіць назад, у буралом, не спускаючы вачэй з незнаёмай істоты на дзвюх нагах.

Ляснік злавіў і пасадзіў медзведзянят у мяшок, закінуў яго на плечы і пайшоў у бок лясной дарогі.

Тым часам мядзведзіца, вярнуўшыся ў бярлогу і не знайшоўшы там дзяцей, пачала кідацца ва ўсе бакі. Нарэшце яна знюхала сляды чалавека. Мядзведзіца ўсё зразумела. Яна выйшла па слядах на дарогу і трушком пабегла па ёй.

Дарога нечакана вывела мядзведзіцу з лесу, і з узгорка яна ўбачыла вёску. Там чуліся галасы людзей, трывожна брахалі сабакі, гулі машыны, крычалі гарластыя пеўні. Хваляванне мядзведзіцы нарастала. Яна сышла з дарогі, залегла ў кустах і пільна сачыла за вёскай.

Ляснік Рыгор Доўбік жыў у канцы вёскі, недалёка ад лесу. На яго двары чуліся галасы. Сюды сышоўся амаль увесь канец вёскі, каб паглядзець на медзведзянят.

Маленькія лясныя жыхары сядзелі пад паветкай, палахліва пазіралі на людзей і жаласна скуголілі. Перад імі ў місцы стаяла малако, ляжалі кавалкі цукру, але яны да ежы не дакраналіся.

Гусцеў змрок. Мядзведзіца непрыкметна падышла выганам да сядзібы лесніка. Сеўшы на заднія лапы і напружана ўслухоўваючыся, яна вадзіла носам па ветры. Раптам яна пачула сваіх дзяцей. У той жа момант мядзведзіца кінулася да агароджы.

Зазвінеў ланцуг, спалохана загырчаў на прывязі сабака. Людзі закрычалі і кінуліся ў сенцы.

Ляснік спусціў з ланцуга сабаку, схапіў стрэльбу і, не цэлячыся, стрэліў у звера. Мядзведзіца раўнула і пабегла ў лес.

Мінуў дзень, другі. Над вёскай навісла трывога. Людзі некалькі разоў бачылі каля паселішча мядзведзіцу. Яна блізка падыходзіла да сядзібы Рыгора Доўбіка. Цэлымі начамі не сунімаліся сабакі. Рознае можна было пачуць у вёсцы. Некаторыя прапаноўвалі здаць медзведзянят у цырк. Аднак большасць сыходзілася на тым, што іх трэба аднесці ў лес, а то мядзведзіца будзе помсціць вёсцы.

Увечары да лесніка прыйшлі юныя натуралісты, памочнікі Рыгора Доўбіка па ахове лесу.

Гаварылі, вядома ж, пра медзведзянят: што з імі рабіць. I тут раптам на выгане зараўла мядзведзіца. Не злосная пагроза, а боль спакутаванай душы чуўся ў яе голасе.

Ляснік падышоў да акна і на момант задумаўся, а потым прапанаваў адпусціць зверанят да маці, бо яна вельмі ж гаруе. Вучні з радасцю пагадзіліся і, набраўшыся смеласці, аднеслі медзведзянят у самы канец сядзібы лесніка і пусцілі на волю. Малыя шпарка патэпалі на сваіх куртатых лапках да лесу.

3 таго часу мядзведзіцу каля вёскі ніхто не бачыў.