Беларускія тэксты

На заводзе

А. Савіцкі

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Яшчэ звечара Аленка сказала маці, што ёй трэба пайсці на завод, пабачыць, як працуюць там людзі, як, галоўнае, працуе яна, яе маці, і потым выступіць на вучнёўскім сходзе ў школе. Так вырашыў савет школы: правесці тэматычны вечар, на якім вучні раскажуць аб працы сваіх бацькоў.

Аленчына маці працуе на заводзе шкловалакна аператарам цэха электрапечаў. Заводскія карпусы з вялізнымі вокнамі і блішчастым дахам Аленка бачыць штодня. Завод стаіць за Дзвіною, над самым берагам. Калі запальваюцца агні, высокія вокны, дах так і зіхацяць ад электрычнага святла. Вада адразу нібыта ўспыхвае каляровай вясёлкай, і плынь паціху гайдае адбіткі агнёў. I тады здаецца, што па рацэ плыве дзівосны карабель.

Пачуццё пачцівай павагі да прадпрыемства і здзіўлення перад тым, што там вырабляецца, авалодала Аленкаю, калі яна ішла з маці на завод. Гонар і гордасць ад таго, што вось яна, школьніца, хутка пойдзе ў цэх, пабачыць розныя машыны, пра якія ўжо столькі начулася ад маці, а потым раскажа пра ўсё на вечары ў школе. А думка пра тое, ці здолее яна, Аленка, выступіць на тым вечары цікава і змястоўна, трывожыла.

На заводскім ганку, шырокім, з цэментаванымі парэнчамі, яны ўліліся ў натоўп хлопцаў і дзяўчат. Чуліся вясёлыя жарты, людзі ішлі хутка, перагаворваліся. У вестыбюлі было шумна, ішлі яны хутка, але Аленка паспела заўважыць і медыцынскі пункт на другім паверсе, і адчыненыя дзверы сталовай, і нават тое, што на кожным століку там стаяць у чырвоных пукатых вазах невялічкія букеты белых рамонкаў.

Цэх электрапечаў здзівіў. Чыста, светла. Але дзе ж тыя печы, бо цэх жа электрапечаў? У два рады стаялі вялізныя чорныя каробкі, і над кожнай — вузкія лямпы дзённага святла.

Яны спыніліся ля печы ў пятым радзе. Аленка і не заўважыла, калі і як закруцілася на шчытку шпулька, якую называюць яшчэ бабінай. Маці працавала роўна і зладжана, глуха гулі вентылятары ў чорных шырокіх трубах. Аленка старанна прыглядалася да электрапечы, уважліва назірала за тым, што робіцца навокал. Мінуў зусім кароткі час, але дзяўчынка, як гэта ёй здалося, зразумела шмат чаго з нязнанага раней жыцця цэха.

Нарэшце маці дала дачцэ шкляную палачку і сказала рабіць, як яна. Аленка трымала палачку ў руках з адчуваннем незвычайным і дзіўным.

Хацелася зрабіць тое, што казала маці, і было страшнавата дакрануцца да тых танюсенькіх празрыстых нітак расплаўленага шкла, што цяклі са ста танюткіх дзірачак. Потым Аленка асмелілася і паспрабавала сабраць тыя ніці шкляной палачкай, але гэта ёй не ўдавалася — ніці рваліся. Не атрымлівалася зачапіць і нацягнуць усе ніці адразу другі і трэці раз, і ля яе ног назбіралася ўжо цэлая капа тонкай белі. А шпулька круцілася вельмі хутка, нібыта набірала разгон.

Аленка зноў узяла палачку, ціха звяла ўсе ніці ў адзін пучок і падвяла да шпулькі. Шпулька нечакана падчапіла ніці і закруцілася. Ніці, здавалася, і не рухаліся зусім, але шпулька хутка і роўна таўсцела. На душы было хораша, радасна.

I гэта добрае пачуццё напаўняла Аленку і пазней, калі яна, развітаўшыся з маці, пайшла з цэха. I было шкада, што трэба ісці, і яна сказала сабе, што прыйдзе сюды зноў, што, можа, увогуле будзе калі-небудзь працаваць тут.

Аленка раптам адчула, што пачынае разумець маці так, як не разумела ніколі дагэтуль. I яшчэ яна ўявіла сабе школу, будучы вечар, на якім давядзецца выступаць, і падумала пра тое, што ёй ёсць цяпер пра што расказаць, што яна будзе расказваць доўга. I гэта яе апавяданне, мажліва, будзе самым цікавым, бо наўрад ці ёсць дзе праца цікавейшая, чым тая, якую робіць яе маці.