На кляновых прысадах
В. Гапееў
Добра, што гэтыя прысады са старымі разлапістымі клёнамі дасталіся неахайнаму дворніку. Іншыя вуліцы і сцяжынкі зараз хутка падмятаюцца, на іх завіхаюцца сярдзітыя дзядзькі і цёткі, размахваюць мётламі. Спуджанымі птушанятамі ўзнімаюцца ўгару лісточкі, разлятаюцца ў розныя бакі, не хочуць класціся ў брудныя кучы.
Паступова агаляецца мокры асфальт.
А на гэтых прысадах пануе цішыня. Лісце чуйна адклікаецца на кожны крок сцішаным шапаценнем. Людзі, якія спяшаюцца да аўтобуснага прыпынку, міжволі запавольваюць крок, быццам ступаюць па нечым жывым.
Ромка ведае, што лісцю не баліць. Яно хоча здрыгануцца на галінцы апошні раз, павольна зляцець уніз, успыхнуць зоркай на шэрым і чорным і гэтым самым паслужыць людзям.
Ромка спадзяецца, што гэтыя прысады будуць доўга яшчэ засцелены жоўтым, чырвоным, барвовым лісцем. Штораніцы, узіраючыся ў спіны людзей, ён вылучае знаёмую постаць. А лістота пад нагамі мякка шапоча, нібы падказвае: «Яна прайшла». Ён углядаецца пад ногі, жадаючы знайсці той ліст, які толькітолькі прашапацеў пад яе крокамі.
Ромка ўжо даўно адрознівае гук яе крокаў па лісцевым дыване. Таму і не хоча, каб сцяжынка стала чыста падмеценай, бо тады мелодыя крокаў будзе зусім іншай.
Яна прыходзіць на прыпынак за дзесяць хвілін да аўтобуса. Ромка з’яўляецца праз хвіліну, спыняецца каля слупа, уздымае вочы на дзяўчыну і сустракае яе позірк. Яны ледзь-ледзь усміхаюцца адзін аднаму. Ромка яшчэ злёгку ківае галавой. Так бывае кожнае ранне.
Падыдзе аўтобус, здрыганецца натоўп. Жаночая хваля панясе яе да пярэдніх дзвярэй, а Ромка зойдзе з мужчынамі праз заднія дзверы. Яна выйдзе на сёмым прыпынку, заспяшаецца да метро, на імгненне азірнецца, і праз запыленую шыбу Ромка зноў зловіць яе позірк.
У гэты дзень яны больш не сустрэнуцца. Ромка вернецца ў тры гадзіны, зробіць урокі, сядзе за мальберт…
Ноччу яму будзе сніцца лісце. Жывое, шапаткое, яно будзе ласкава ўшчуваць яго, настойліва ўгаворваць ціхім шэптам, што Ромку не трэба баяцца і саромецца. Хіба ў яго бядзе ёсць што сарамлівае? Зрэшты, калі павольна ісці, то амаль нічога нельга заўважыць.
Ромка прачнецца рана і будзе ляжаць з заплюшчанымі вачыма, слухаць, як маці гатуе снеданне. Потым Ромка адным штуршком сядзе на ложку, адкіне коўдру. Адна нага ў яго здаровая, другая — без ступні.
Успыхне нянавісць да таго далёкага дня, калі яго санкі ад моцнага штуршка кагосьці з хлопчыкаў вынесла пад колы аўтамабіля. Ромка будзе доўга глядзець на тое месца, дзе павінна быць ступня, і праз некалькі хвілін адчуе сапраўдны боль у страчанай ступні. Дастане з-пад ложка пратэз, пачне апранацца.
Ромка раптам адчуў, што сёння нешта змянілася на кляновых прысадах. Не шапацела лісце пад нагамі. Прысады былі чыста падмецены. Яна ступіла насустрач так нечакана, што хлопец ледзь не сутыкнуўся з ёй. У яго перахапіла дыханне. Перад ім стаяла яна, мелодыю чыіх крокаў на гэтых прысадах ён так добра вывучыў.
—Так сумна сёння тут, — проста, нібы толькі што яны размаўлялі і перапыніліся на хвіліну, загаварыла дзяўчына. — Зусім не хочацца ісці ў адзіноце сярод голых клёнаў. Мяне Наташай завуць. А ты Рома? Я на выставе тваіх малюнкаў была. Твая маці працуе разам з маёй.
Ромка разгублена маўчаў, не ведаючы, як аднесціся да пачутага.
Значыць, яна ведае і пра той далёкі выпадак, пра яго пратэз?
Наташа глядзела на яго. Ромка ўбачыў у яе вачах спагаду і маўклівы адказ на сваё пытанне. Ён ціха сказаў:
— Я намаляваў гэтыя прысады такімі, якімі яны былі ўчора і пазаўчора. Хочаш, я падару табе гэты малюнак?
Калі ісці ўдваіх, то нават голыя прысады здаюцца не такімі сумнымі.