Беларускія тэксты

На мядзведзя!

С. Давідовіч

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя Карпілаўка была адрэзана ад цэнтра страшэнным бездарожжам. 3 Мінска ці Лагойска да Карпілаўкі машыны не дабіраліся, бо нават у самыя спякотныя дні ў ямах і канавах на дарозе не перасыхала гразь і стаяла вада. 3 аднаго боку, гэта было някепска: ад грыбоў і ягад лясы гнілі, зайцы ў лесе ледзь не збівалі з ног, цецерукоў развялося столькі, што яны гатовы былі чалавеку на галаву сесці.

Немагчыма было не заўважаць і таго неверагоднага птушынага рознагалосся, якое запаўняла сабой усё навокал. Здавалася, яно падпірала і трымала на сабе неба. Асабліва гэта адчувалася перад заходам сонца, калі можна было падумаць, што ў свеце не існуе нічога, акрамя птушынага свісту ды шчэбету.

У тыя гады ў лясах гаспадарылі ваўкі. Каб неяк стрымаць іх хуткае распаўсюджванне, паляўнічым выплочвалі грашовыя ўзнагароды за кожную здадзеную шкуру ваўка. Жадаючых займець здабычу знаходзілася шмат.

Але ваўкі хутка адышлі на другі план, бо вяскоўцам пачалі казытаць нервы мядзведзі, якім спадабаліся бязлюдныя лясы і глухія мясціны.

Праўда, за ўсе гады мядзведзь нікога не задзёр, але пастухі не раз давалі ад яго драпака, кінуўшы кароў на полю лёсу. Толькі і было кожны дзень гаворкі, як пра сустрэчы з мядзведзем.

У жыцці мясцовых жыхароў з’явілася рызыка, якая змяніла шэрую будзённасць. Гэта ж толькі падумаць: мядзведзь у лесе! Быццам ты жывеш у дрымучай тайзе! Ідзеш паміж дрэў, а за душу нешта пашчыпвае.

Асабліва шчыпала гэта паляўнічую дасціпнасць маладых. I вось аднойчы мы з братам Косцікам, маючы на дваіх адно ружжо, вырашылі ўсё ж упільнаваць мядзведзя.

У красавіку, калі стала прыграваць сонейка і зямля пачала пыглядваць з-пад снегу, прымчаўся да нас Міша і выдыхнуў:

— Сляды мядзведзя бачыў ля самай сядзібы!

Косцік схапіўся за ружжо, мы з Мішкам узялі сякеры і падаліся ўтрох да тых слядоў.

I сапраўды, у лесе наткнуліся на мядзведжыя сляды, якія накіроўваліся ў бок Акопаў. Мы першы раз у жыцці бачылі натуральны адбітак мядзведжай лапы. Пятка следу была вузенькая, клінам, затое кіпцюры шырока растапырваліся на падталым снезе.

Косцік з ружжом напагатове ішоў першым, за ім — мы з сякерамі, напружаныя, рашучыя, узрушаныя.

Паступова сляды павярнулі ўлева, у бок Айчызны. Гэта была адна з самых глухіх у той час мясцін, малавядомых нам. Махнатыя елкі перапляліся так шчыльна, што пад імі дзень адразу ператварыўся ў вечар, а душа пачала шукаць пяткі. Нашы крокі рабіліся няўпэўненымі і ўсё больш асцярожнымі. Мы ўсё часцей і часцей пачалі пераглядвацца, перашэптвацца, нарэшце спыніліся.

—Што будзем рабіць? — разгублена спытаў Косцік.

Шкада мядзведзя! Няхай сабе жыве! — адказаў я шэптам, выціраючы мокры нос.

Назад мы крочылі жвава, подбегам. Толькі выйшлі з лесу — сустракаем дзядзьку Пётру.

Ад каго дзёру даяце? — пытаецца дзядзька.

—Мядзведзя высочвалі, ды пашкадавалі яго! — адказваем бадзёра, змяніўшы свой подбег на павольную хаду.

Зразумела! Забыліся ўзяць запасныя штаны! — зарагатаў Пётра, на што мы ў адказ дружна зачырванеліся.