На новым месцы
Я. Колас
Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой так доўга рыхтаваўся, — усё гэта займала думкі Лабановіча, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы.
Яму па душы быў гэты куток Палесся, пра які яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так непадобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч.
У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах1 і выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і няўтульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку, усё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім наогул адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвення, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку супраць сваёй хаты, каб прайсці праз балота, у якім тапілася гэтая вуліца. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і ладнага лесу. У размяшчэнні гаспадарчых будынін на дварэ таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала. Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю прывабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.
Праз нейкі час работа ў школе наладзілася.
Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. Кароткія зімнія дні праходзілі незаўважна, іх не хапала на тое, каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу, размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.
Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою.
Удзень вучні распускаліся на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да самага вечара, пакуль не цямнела. Часта са старэйшымі вучнямі лекцыі вяліся і вечарамі пры лямпе. Потым настаўнік яшчэ доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было многа: здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходаваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы.
Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся ведаў, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і цяжкім. I нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, калі ён глядзеў на гэтых маленькіх палешучкоў.