На пачатку вайны
I. Шамякін
Вайна… Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла як гром з яснага неба, аглушыла, і я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў і нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон і гул у галаве з’явіліся адразу ж, як толькі я, першы на батарэі, пачуў пра вайну. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу і маю маленькую дачушку, што нарадзілася два тыдні назад?
Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы, адразу ж паўстае яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я і па якой Саша правяла мяне сюды, у гэты далёкі суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваецца кожнае яе слова, кожны жэст.
Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну і, як многія мае равеснікі, употай марыў пра ваенны подзвіг? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць маё імя і выратуе чалавецтва. Цяпер я думаю: якое гэта шчасце — жыць на зямлі ў міры, цішыні! О, каб дажыць да такога дня!
Я ўспамінаю сённяшні бой, і мне робіцца яшчэ больш страшна, горка і крыўдна.
Яны прыляцелі тады, калі недзе там, у нас, у Беларусі, заходзіла сонца. А тут яно павісла над лясістай градой невысокіх гор, каб больш не зніжацца да самай раніцы. Спачатку вельмі нечакана, быццам вынырнулі з гары, з’явіліся два «месершміты». Доўгія, чорныя, як вужы, яны прайшлі нізка над гідрастанцыяй, схаваліся за ўсходнімі сопкамі і зноў вынырнулі на аэрадром.
Трывога! — страшным голасам закрычаў разведчык. Крык гэты ўсіх скалануў. У мяне задрыжалі рукі. Я да болю сціскаў ручку паваротнага механізма, не зводзячы вачэй са стрэлкі азімута.
Разгублена стаяў наш камандзір, сяржант Тарных.
Раптам бухнуў гарматны стрэл. Ударыла чацвёртая гармата. Я глянуў у неба і мімаволі прыгнуўся: проста нада мной, у самым зеніце, віселі два чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Потым позірк мой упаў на агнявую пазіцыю батарэі, уразіла дзіўная рэч: насуперак правілам стральбы, усе чатыры гарматы павернуты ў розныя бакі, і толькі адна, чацвёртая, вядзе агонь. Я падумаў: значыць, варожыя самалёты з усіх бакоў, яны ходзяць баявым курсам.
Мае думкі перапыніў моцны выбух, ад якога калыхнулася пад нагамі зямля. За ім другі, трэці. Над аэрадромам, над пасёлкам шуганулі ўгору слупы полымя і дыму.
Цяпер я бачыў фашысцкія самалёты, нават бачыў, як падаюць бомбы. Фашысты з розных бакоў заходзілі на аэрадром, з якога ўзнімаліся, захопленыя знянацку, нашы знішчальнікі. Адзін з іх вынырнуў проста з выбуху і загарэўся ў паветры. Другі, не набраўшы вышыні, урэзаўся ў будынак клуба лётчыкаў. На маіх вачах гінулі людзі. Нашы людзі! Ашаломлены, аглушаны, я не мог адарваць вачэй ад жудаснай карціны вайны, забыўшыся на нейкі момант на свой уласны страх. Знішчальнікі, якім удалося ўзляцець, атакавалі варожыя бамбардзіроўшчыкі. Застракаталі кулямёты. Пачаўся паветраны бой…