Нечаканая сустрэча
Я. Зазека
Сябры Міця і Валерка ледзь не подбегам спяшаліся на электрычку. Яны крочылі паўз агароды, міма калгаснага саду, цераз гулкі чыгуначны мост. Абодва былі апрануты ў паношаныя вучнёўскія касцюмы, на нагах боты. У кожнага ў руцэ па вядзерцы.
Вось і станцыя. Жоўты домік прыткнуўся ў невялічкім цяністым парку.
Электрычка, нібы алень, затрубіла ў лесе за паваротам. Цягнік мякка падкаціў да станцыі. Пасажыры замітусіліся. Забразгалі вёдры, зарыпелі кашолкі. Міця з Валеркам селі ў апошні вагон.
Электрычка зноў затрубіла, плаўна кранулася з месца і пачала набіраць хуткасць. Міця і Валерка пазіралі ў акно. Перад вачыма мільгалі і тут жа адбягалі назад чыгуначныя будкі, домікі і сады. Затым пачаліся палі, аблогі, узгоркі, пералескі. Бетонныя слупы высакавольтных ліній то там, то тут пераступалі чыгунку і ішлі ўдалеч. 3 грукатам праносіліся сустрэчныя таварныя саставы.
Вось нарэшце і станцыя Дубравы. Міця з Валеркам выйшлі з вагона, перайшлі чыгуначныя пуці і амаль адразу ж апынуліся ў лесе. Мясціны гэтыя былі ім добра знаёмы. Разам з бацькамі яны часта прыязджалі сюды ў грыбы і ягады.
Мінуўшы лагчынку, дзе моцна пахла ігліцай, мохам і грыбамі, сябры выйшлі на вялікую прагаліну, парослую светлазялёным чарнічнікам. На ягадніках карміліся чародкі драздоў. Спелыя ягады тут былі абабраныя, заставаліся толькі дробныя і зялёныя. На вышэйшых мясцінах траплялася многа жоўтых лісічак. Неўзабаве вёдры ў хлопцаў былі напоўнены імі амаль напалавіну. Больш лісічак сябры не бралі. А можа, баравікі трапяцца!
Трэск сухога галля прымусіў хлопчыкаў прыслухацца. Зусім блізка пачуўся тупат, і з кустоў выйшла ласіха. Валерка хацеў нешта крыкнуць, але ад страху страціў голас.
Ласіха стаяла як укопаная. Яна часта дыхала, запалыя бакі яе хадзілі хадуном.
Не бойся, — Міця паклаў руку Валерку на плячо. — Ласі на людзей не нападаюць.
Хлопчыкі саступілі лясному жыхару дарогу і падаліся ўправа. Але не паспелі яны зрабіць і двух дзясяткаў крокаў, як ззаду зноў пачуўся тупат. Ласіха забегла ім наперад. На гэты раз хлопчыкі здагадаліся, што ў ласіхі здарылася нейкая бяда і яна просіць у іх дапамогі. Міця зрабіў да яе крок, і яна тут жа павярнула назад, пайшла ў драбналессе на высечках. Міця і Валерка рушылі следам. Так яны ішлі за ёю хвілін дзесяць. Нарэшце ласіха спынілася. Проста перад ёю, у глыбокай яме, зарослай дробнымі кустамі і ягаднікам, хлопчыкі ўбачылі маленькае мышастае ласяня. Яно тапталася на цыбатых ножках, спрабавала выбрацца, але гэта яму ніяк не ўдавалася.
Міця з Валеркам моўчкі пераглянуліся, паставілі вёдры на зямлю і ўмомант скаціліся ў яму. Ласяня глядзела на дзяцей даверліва і нібы дапытліва.
Ласіха ўвесь гэты час неспакойна тапталася каля ямы і не зводзіла вачэй з хлопчыкаў і малога.
Міця і Валерка дружна падхапілі ласяня. Яно ўсё задрыжала, потым пачало часта перабіраць нагамі, чапляючыся вострымі капыцікамі за край ямы. Яшчэ намаганне — і ласяня было наверсе.
Калі хлопчыкі вылезлі з ямы, ласіха з ласянём адышліся ўжо далёка. Маці ішла наперадзе, высока ўзняўшы прыгожую галаву. Ласяня ледзь паспявала за ёю. Раз-пораз яно штурхала маці пад бок, відаць, добра прагаладалася, седзячы ў яме.