Новае аблічча Мінска
Л. Рублеўская
Старажытныя камяніцы і будынкі з металу, шкла і бетону — такое аблічча ва ўсіх сучасных еўрапейскіх гарадоў. Такім робіцца і Мінск. Ён перастае быць горадам стандартных дамоў, якімі яго забудоўвалі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Нават звыклы асфальт паўсюдна замяняецца на пліткі, што імітуюць брукаванку1.
Новы вакзал, які пачаў дзейнічаць на мяжы тысячагоддзяў, — гэта маленькі горад. Там ёсць крамы і кавярні, цырульні і аптэкі, нават дзіцячы гарадок з атракцыёнамі, у якім можна бавіць час усёй сям’ёй. На Кастрычніцкай плошчы не так даўно закончылі будаваць Палац Рэспублікі. Шмат спрэчак выклікаў гэты аб’ект, які ўзводзіўся дзесяцігоддзямі, дапрацоўваўся, мяняў аблічча. Сёння вялікія залы палаца, выставачная галерэя прымаюць мінчан і гасцей сталіцы.
З’явіўся ў Мінску і Лядовы палац, дзе круглы год можна катацца на каньках. Узводзіцца першы ў краіне аквапарк. А вось будынак Нацыянальнай бібліятэкі стаў агульнанародным праектам. Храм кнігі нагадвае па форме дыямент, і цяпер гэты сямідзесяцідвухметровы дыямент з’яўляецца візітнай карткай нашай рэспублікі. Сёння галоўная бібліятэка Беларусі лічыцца адной з найлепшых у свеце. Яна штодзень прымае наведвальнікаў і гасцей сталіцы, шматлікія экскурсіі і замежныя дэлегацыі.
Нядаўна ачысцілі русла Свіслачы. I чаго толькі не знайшлі ў глеі, што стагоддзямі назапашваўся на дне галоўнай ракі горада! Нават старажытны човен, на якім плавалі, можа, яшчэ воіны князя Глеба Менскага.
Новае аблічча набудзе і стары Мінск. Гістарычная частка горада закрыецца для машын. Ёсць намеры схаваць частку вуліцы Леніна пад зямлю і зрабіць плошчу Свабоды пешаходнай зонай, вярнуць ёй былую веліч: яна заўсёды была цэнтрам горада. Відаць, будзе і зараз. Уздоўж вуліцы Нямігі паўсталі стылізаваныя пад даўніну будынкі, а праз вуліцу ад гандлёвага дома «На Нямізе» перакінуцца два пешаходныя масты. Адновіцца старажытная вуліца Гандлёвая ўздоўж Свіслачы, на якой калісьці было мноства маленькіх крам, цырульняў, аптэк, на другіх паверхах якіх жылі іх гаспадары. У сядзібе Ваньковічаў дабудуюць два флігелі, якіх сёння няма. Адноўлены разбураны атэль «Еўропа» ля кансерваторыі. Калісьці ён быў самым вялікім у Мінску, яшчэ на пачатку дваццатага стагоддзя ў ім дзейнічалі ліфты. Магчыма, убачым мы і самую старажытную царкву горада XII стагоддзя ля ўвахода ў станцыю метро «Няміга».
Усё, што войны, пажары або проста няўвага да гістарычнай спадчыны знішчылі, павінна быць адноўлена. У гістарычным цэнтры Мінска будзе прысутнічаць дух Беларусі. Кожны стары будынак — неацэнная і незаменная спадчына. Археолагі сцвярджаюць, што ў зямлі замчышча пад асфальтам Нямігі хаваецца яшчэ мноства сенсацыйных знаходак. Дарэчы, раку Нямігу, якая сёння цячэ ў бетонных трубах, збіраюцца з часам выпусціць на волю. Гістарычная, летапісная Няміга, безумоўна, гэтага заслугоўвае. Яна павінна стаць сапраўдным сімвалам нашай сталіцы.
Кожны, хто гуляе па вуліцах, праспектах і скверах Мінска, павінен разумець, што мы — толькі частка гісторыі свайго горада, а ад нас залежыць, як пра нас будуць меркаваць наступныя пакаленні гараджан.
Мінск з кожным годам прыгажэе і расце. Мінск захоўвае памяць стагоддзяў. Горад у сэрцы Еўропы, у сэрцы Беларусі, ён павінен быць і ў нашых сэрцах.