Няпрошаныя візіцёры
У. Дубоўка
Сучасныя чытачы не ўяўляюць сабе, як цяжка было ў перадрэвалюцыйны час знайсці добрую кніжку для чытання. Вясковыя дзеці бачылі фактычна толькі адны школьныя падручнікі. Паны мелі ўласныя багатыя бібліятэкі ў сваіх палацах, але туды простых людзей ніхто не дапускаў. Ды і большая частка кніг у панскіх бібліятэках была на замежных мовах.
Нас, дзяцей, цікавілі кнігі ўсякія. Нам дужа хацелася даведацца, якія краіны ёсць на свеце, як жывуць там людзі. Пачулі мы аднойчы ад княгінінага кухара, што ў палацы ёсць вялікі кабінет князя-нябожчыка, а ў ім усе сцены застаўлены вялізнымі шафамі, а ў тых шафах — кнігі, кнігі, кнігі. Аздоблены яны і золатам, і срэбрам, і ўсімі колерамі, якія толькі ёсць. Сама княгіня іх не чытае, а больш нікому не дазволена браць кнігі ў рукі. Толькі адна глухая пакаёўка Марцэля зрэдку заходзіць у той пакой і выцірае пыл. А яшчэ стаяць там зробленыя з каменю і мармуру статуі тых людзей, якія пісалі гэтыя кнігі. Пасярэдзіне таго пакоя — высокае крэсла на колах, у якім князя вазілі па пакоях, бо ў апошнія гады жыцця хадзіць ён не мог.
Пачуўшы апавяданні старога кухара, мы не маглі ні спаць, ні есці.
Нам так захацелася пабываць у той цудоўнай бібліятэцы і самім паглядзець на дзівосныя кнігі! Пакрысе склалі мы план свайго паходу. Самае галоўнае — трапіць у палац тады, калі княгіня адпачывае на канапе і нікому са слуг не дазволена хадзіць праз пакоі.
ГТадабраўшыся да самага палаца, мы залезлі на высокі балкон-тэрасу. Адтуль трапілі ў вялізную залу. На столі, на сценах былі вырабленыя з белага каменю кветкі, постаці людзей. Уразіла нас яшчэ падлога. Чулі мы, што паркет у палацы націраюць пчаліным воскам. Мы проста падалі на гэтай слізкай падлозе, як зімой на возеры. 3 залы было некалькі дзвярэй. На наша шчасце, мы адчынілі дзверы не ў той пакой, дзе адпачывала княгіня. Выйшлі ў доўгі калідор і адтуль трапілі ў бібліятэку князя.
Праўду казаў сівы кухар! Шафы са шклянымі дзверцамі, ва ўсіх шафах — кнігі. Мы бралі іх, гарталі, разглядалі малюнкі. Мы былі ў захапленні ад гэтых кніг, ад багацця і хараства і зусім забыліся пра тое, што прайшлі ў палац недазволеным шляхам, што нас за гэта могуць пакараць. Хто стаяў, хто сядзеў на падлозе, а я ўзяў такую тоўстую і цяжкую кнігу, што не мог яе трымаць. Доўга не думаючы, паклаў яе на стол, сам падагнаў крэсла князя, сеў у яго і пачаў гартаць старонкі.
Сустрэўшы вялікую рэпрадукцыю, я разгарнуў яе перад сабою на ўсю шырыню.
У гэты момант глухая пакаёўка Марцэля ішла калідорам, убачыла няшчыльна прычыненыя дзверы ў кабінет князя. Падышла да іх і бачыць: сядзіць у сваім крэсле князь-нябожчык і чытае кнігу. Пакаёўка крыкнула і самлела. У дальніх пакоях пачуўся грукат. Мы выскачылі ў калідор, замітусіліся, пабачылі жалезную вінтавую лесвіцу, якая вяла на гарышча палаца. Узбеглі мы па гэтай лесвіцы, зачынілі за сабою жалезныя дзверы. Унізе хтосьці клікаў доктара. Калі сцямнела, вылезлі мы са свайго сховішча, на пальчыках прайшлі зноў калідорам, потым залу і, нарэшце, саскочылі з балкона на зямлю.
Трэба сказаць, што доктар, пакліканы да хворай, вельмі хутка зразумеў, якія «здані» тут вандравалі. Зазірнуўшы ў кабінет князя, ён пабачыў на пыльнай падлозе сляды дзіцячых ног.
Здагадаўся пра ўсё і стары кухар. Бываючы ў нас, ён некалькі разоў паўтараў:
— Зараз Марцэлю кіем не загоніш у той калідор.
Цяпер, калі я бачу, як людзі выкідаюць добрыя кнігі, аж сумаваць пачынаю. Мне адразу ўспамінаецца маё першае знаёмства з кнігай, павага да якой засталася на ўсё жыццё.