Палоннікі
Я. Пархута
Цэлы тыдзень гуляла завіруха. Дзе толькі магла, намяла гурбы снегу.
А потым нечакана спахапілася, нібы задумалася, што гэта яна нарабіла.
Юлька таксама здзіўлялася паводзінам зімы. Калі ўсё ўгаманілася, дзяўчынка пачала прыводзідь у парадак падворак. Расчысціла сцежкі да хлява, пограба і калодзежа, да абеду не пераставала махаць лапатай. Калі падворак набыў належны выгляд, уздумала пабегчы ў лес, каб паглядзець, што там сталася.
Лес быў насцярожаны. Нясмела распраўлялі плечы яліны, ківалі галовамі высозныя сосны. I толькі дубы, усведамляючы сваю моц, стаялі спакойна.
Ногі час ад часу правальваліся ў глыбокі снег, але Юлька крочыла далей. Столькі прайшла, а ніхто ні голасу не падаў, ні следу не пакінуў! Усё нібы вымерла за тыя завейныя дні.
Вярталася дадому берагам рачулкі, што брала свой пачатак з лясной крыніцы. Рачулку нават і цяпер не прыхапілі маразы. Нястомна бруіла яна між белых берагоў. I толькі каля таго месца, дзе рачулка ўпадала ў возера, бег яе амаль спыняўся, а над паверхняю вады стаяла пара.
Раптам адтуль, нарабіўшы плёскату, узнялася белая чарада вялізных птушак, зрабіла круг і села на процілеглым беразе.
Юлька ў здзіўленні спынілася. Лебедзі? Адкуль яны зімою? Тое, што ўлетку на возеры жыла сям’я гэтых птушак, дзяўчынка ведала. Але не чакала сустрэць іх тут, амаль побач з вёскай, сярод снягоў.
Абышла тое месца, адкуль падняліся птушкі, агледзела бераг і неглыбокае рачное дно. На кромцы лёду былі даўнія птушыныя сляды, а дно старанна вычышчана ад расліннасці. Юлька пайшла ў вёску, а пад вечар зноў з’явілася тут і высыпала ў рачулку торбачку варанай бульбы.
3 таго дня для Юлькі пачаліся новыя турботы. Перад тым як ісці ў школу, яна набірала ў торбачку адвараную звечара бульбу і знаёмай сцежкай кіравала туды, дзе чакалі яе пятнаццаць белых палоннікаў. Птушкі ўжо не палохаліся, а толькі на ўсялякі выпадак адплывалі ад берага і пазіралі, як Юлька высыпае тую бульбу.
Перад Новым годам нечакана зноў ударылі маразы, і ў Юлькі стала больш турбот. Каля сотні качак-крыжанак таксама знайшло на рэчцы прытулак. Юлька паглядала, як сярод той шэрай чарады на правах гаспадароў плавалі лебедзі, і радавалася, што ўсім хапае і месца, і корму.
Так прайшлі снежань, студзень, люты. А калі ў сакавіку падзьмулі з поўдня цяплейшыя вятры і на возеры пачаў чарнець лёд, першыя пакінулі сваё прыстанішча няўрымслівыя качкі. Павесялелі і лебедзі. Птушкі штодзень сустракалі Юльку бадзёрымі ўскрыкамі, але развітвацца з прыветнай мясцінай яшчэ не адважваліся.
Нарэшце і з імі надышоў час ростані. У тую раніцу надзвычай ярка свяціла сонца. Лебедзі з горда ўзнятымі галовамі плавалі ў рацэ і пра нешта ажыўлена гаманілі. Яны пачакалі, пакуль Юлька высыпле з торбачкі сняданак, падплылі да таго месца і пачалі есці. Потым раптоўна, нібы згаварыўшыся, падняліся на крыло. Зрабілі адзін круг, другі, набіраючы вышыню, і ўзялі кірунак на сінія лясы.
А Юлька яшчэ доўга стаяла на беразе і глядзела ўслед птушкам.