Беларускія тэксты

Па якіх законах жылі нашы продкі

С. Тарасаў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

У свеце існуюць самыя розныя законы. Галоўныя сярод іх не падуладны чалавеку. Гэта законы прыроды. Сапраўды, чалавек не можа спыніць дождж ці снегапад, загадаць землятрусу не разбураць гарады, а бурам не хваляваць акіянскія прасторы. Гэтыя законы нельга змяніць.

Людзі прыдумалі свае законы. Гэтыя законы штучныя, але без іх нельга абысціся. Бо ўсе людзі розныя, займаюцца рознымі справамі, па-рознаму думаюць і жывуць. Каб не ўзнікала марных спрэчак паміж імі, войнаў паміж дзяржавамі, і былі створаны законы, унутраныя і міжнародныя.

Першыя беларускія дзяржавы паўсталі ў далёкім дзясятым стагоддзі. Гэта былі Полацкае і Тураўскае княствы. У тыя часы ўжо існавалі пісаныя законы ў Грэцыі, Рыме і іншых паўднёвых краінах. Але яны былі далёка, і нашым продкам давялося прымаць свае законы.

Гэтыя законы заснаваны на так званым «звычаёвым праве», іншымі словамі — правілах штодзённага жыцця. Напрыклад, вы і сёння ведаеце, што старэйшых трэба паважаць, трэба любіць і шанаваць сваіх бацькоў, дапамагаць ім. А гэта і ёсць « звычаёвае права », якое выпрацавала само жыццё. Па такім праве паважаны чалавек той, хто больш працуе, а ў старажытнасці — здабытчык-паляўнічы. Ён і меў у сям’і, абшчыне, племені права галоўнага голасу. Чым больш паважалі чалавека, тым больш меў ён і правоў. Зразумела, што і адказнасці таксама.

У часы, калі на чале нашых старажытных дзяржаў стаялі князі, яны ўсталёўвалі свае законы. Але гэтыя законы князі прымалі не аднаасобна, а разам з баярамі і старэйшынамі. Акрамя таго, са старажытных часоў захаваўся агульнанародны збор — веча. У вялікіх гарадах людзі розных прафесій і рознага дастатку збіраліся на галоўнай гандлёвай плошчы, каб разам прыняць закон ці важнае дзяржаўнае рашэнне. Замест галасавання рукамі проста крычалі. Хто меў мацнейшы голас, той і перамагаў.

Законы раней не запісваліся. Дастаткова было валадару прысягнуць ці даць абяцанне — і гэтым гарантавалася выкананне права, усталяванага на вечы ці князем з баярамі. Першыя пісаныя законы мелі форму дамовы.

У 1529 годзе ў Беларусі з’явіўся адзін з першых у Еўропе збор законаў — Статут, які дапаўняўся і перавыдаваўся тройчы. У ім вызначаліся правы і абавязкі ўсіх жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, ад вялікага князя да залежнага ад пана селяніна. Асобныя артыкулы вызначалі законы аб судах, аб правах гандлю, аб грабяжы і злодзеях, аб нявесціным пасагу, спадчыне, аб тым, што займаць дзяржаўныя пасады мелі права толькі грамадзяне сваёй краіны. Статут дзейнічаў у Беларусі больш за два з паловай стагоддзі, пакуль наша краіна не была падзелена паміж Нямеччынай і Расіяй.

3 канца васямнаццатага стагоддзя ў Беларусі дзейнічалі законы Расійскай імперыі. Беларускія дваране — шляхта — страцілі амаль усе свае правы, а сяляне трапілі пад прыгнёт.

3 часам з’явіліся новыя законы. Але нам трэба ганарыцца тым, што і цяпер Статут Вялікага Княства Літоўскага вывучаецца ва ўсіх навучальных установах свету. А Беларусь сёння вольная і незалежная краіна. Мы маем свой асноўны закон — Канстытуцыю, у якой гарантаваны нашы грамадзянскія правы і запісаны абавязкі. Калі ўсе будуць шанаваць і выконваць Канстытуцыю, то мы будзем жыць у міры і суладдзі.