Беларускія тэксты

Перад дарогай

М. Стральцоў

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Яны прыехалі ў вёску яшчэ раніцай — шафёр Сямён Захаравіч з жонкай і зусім малады яшчэ хлопец, рабочы аўтабазы Саўчанка.

Цяпер быў, мяркуючы па часе, позні абед. Яны і сапраўды толькі што паабедалі і не паспелі яшчэ вылезці з-за стала, як нечакана пашарэла на дварэ, зашапацеў, паліўся ціхі дождж, ужо другі за гэты доўгі, як усім здалося, дзень.

I вось цяпер сядзелі на кухні, не вылазячы з-за стала, гаманілі, і ўсім было добра. Грыбоў яны назбіралі і нават ад таго першага вялікага дажджу ўратаваліся шчасліва, схаваўшыся хто ў кабіне, а хто пад машынаю. I толькі потым, калі вярталіся з лесу да знаёмых у вёску, дружна дзівіліся з нядаўняга ліўня, бачылі, што стаяла ўсюды ў нізінках мутнаватая вада, што скрозь па дарозе прыбіла то да грудка, то да купіны парыжэлую траву, засохлыя сцябліны кветак. У лужынах плаваў абабіты дажджом руды цвет падарожніку. А потым з-за хмар выбліснула сонца — і трава, і зямля, і лужыны задыміліся парай.

I зноў сабралася на дождж.

Пахла на кухні грыбамі, палалі дровы ў печы, а за вокнамі шапацеў у садзе дождж. Гэта было добра чуваць: акно ў сад было расчынена. А яны сядзелі прыцемкамі за сталом, глядзелі на агонь, на дождж, і ўсім было ўтульна і цёпла.

Зайшла на кухню гаспадыня, патупала ля печы і сказала:

А можа, пойдзеце ў чысты пакой? Я вам і лямпу запалю.

I, прыжмурыўшыся, глядзела на гасцей, але тыя не згаджаліся.

Навошта чысты пакой, калі і тут добра.

Госці маўчалі. Цішыня запанавала ў хаце. За акном марудна шапацеў дождж, і відно было ўсё ў садзе: змакрэлыя яблыні, апалыя жоўтыя яблыкі ў прытаптанай траве, бульбоўнік на барознах і зусім блізка, ля акна, рабінка. Вялікія зеленаватыя кроплі дажджу віселі на яе галінках, адрываліся, падалі на зямлю. Усе маўчалі. Кожны, мабыць, думаў пра сваё, а жонка Сямёна Захаравіча ўспамінала вайну, тое, як пайшла з дзецьмі ў бежанцы. Многа было тады на пыльных дарогах гараджан, што ішлі і ішлі на ўсход. Немцы перанялі іх недзе па дарозе, сагналі да незнаёмай вёскі, пустой і напалову спаленай.

Яна не ведала цяпер, як выжыла тады, чаму не памерла ад страху, ад голаду, ад тугі. Памятала толькі, што пра адно думала і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі? Потым па людзей прыйшлі машыны. Ніхто не ведаў, куды павязуць іх, казалі, што ў Нямеччыну. Ёй пашчасціла. Калі пад вартай засталося зусім мала людзей, яе з дзецьмі і яшчэ іншых адпусцілі. Немцам не хапіла транспарту.

Што было потым? Вёска, дзе яна папрасілася ў хату да бабулі нейкай і яе дачкі. I тады яна перастала быць гараджанкай і стала вясковай кабетай: насіла ваду, ездзіла ў лес па дровы, палола, жала, хадзіла за сорак кіламетраў па соль у мястэчка, пляла дзецям лапці, жыла і ў хаце, і ў зямлянцы, хавалася ад немцаў і паліцаяў у лесе, ведала, што жывая сама, і не ведала, што з мужам.

Было страшнае пекла — вайна. Каб жа не ведаць такога ніколі.

Весела гарэлі дровы ў печы, і непгга закіпала ў гаршку. Пахла на кухні грыбамі, а госці сядзелі, маўчалі, як бы забыўшыся, што наперадзе была яшчэ дарога. Горад, дзе раніцай чакалі ўсіх клопаты і работа.

—Трэба ехаць, — сказаў Сямён Захаравіч.

Госці сабраліся, перанеслі грыбы з кухні ў машыну. Гаспадыня выйшла іх праводзіць. Машына кранулася з двара.