Першая закаханасць
А. Бутэвіч
Як звычайна, я прыйшоў у клас першы. У доўгім паліто, у шапцы-аблавушцы, у вялікіх валёнках, я ўваліўся ў клас і ледзь не аслупянеў: там сядзела незнаёмая дзяўчына. 3 моднага партфеля з бліскучай ручкай яна даставала школьныя прылады. Каб перапыніць няёмкае маўчанне, незнаёмка павіталася. А я неяк адразу ўзмакрэў пад сваёй зімовай вопраткай і вялікай вязанай рукавіцай церануў пад носам, бо на губе шчодра выступіў пот.
Сеўшы за парту, я пачаў капацца ў партфелі, а сам крадком назіраў за нечаканай госцяй. Дробны тварык быў прывабны, носік ганарыста задраны ўгару. Бровы тоненькімі шнурочкамі выгіналіся над глыбокімі блакітнымі вачыма, схаванымі за пышнымі вейкамі. На галаве ўкладзена тоўстая льняная каса. Ніхто з вясковых дзяўчат не меў такіх тонкіх пальцаў. Найбольш здзівілі мяне пазногці, доўгія і нафарбаваныя. Як такімі рукамі можна капаць бульбу або корпацца ў агародзе?
У клас пачалі адзін за адным заходзіць аднакласнікі. Рэакцыя большасці з іх нагадвала маю. Калі празвінеў званок, зайшла класная. Яна паведаміла, што новенькую завуць Валя, што бацькі яе — вучоныя, якія прыехалі ў вёску з горада, каб даказаць выгаднасць новай тэхналогіі вырошчвання цукровых буракоў. Класная папрасіла нас дапамагчы Валі асвоіцца ў вёсцы.
Хлопцы кінуліся навыперадкі, прапануючы свае паслугі ў авалоданні сакрэтамі вясковага жыцця. Не было таго ўрока, каб запіскі не гулялі па класе. Амаль увесь паток папяровых пасланняў скіраваўся на Валіну парту.
Я стараўся не паказваць, што Валя мне падабаецца, хоць на самай справе сэрца маё млела, калі нашы позіркі сустракаліся. Мае думкі былі скіраваны на тое, каб Валя выдзеліла мяне сярод іншых. Я стаў атрымліваць выдатныя адзнакі па рускай мове і літаратуры, за што настаўніца хваліла мяне перад усім класам. Аднак гэтая пахвала нічога не змяніла. Валя чамусьці аддавала перавагу далёка не самаму прывабнаму, затое самаму нахабнаму Пецьку.
Аднак я не губляў надзеі, тайком нават вершы пачаў пісаць. I вось аднойчы я паслаў Валі запіску з прызнаннем у каханні. Але гэту запіску з сэрцам, прабітым стралой, перахапіў Пецька. Што пасля гэтага стала з класам! Нават самыя гультаяватыя не ленаваліся насміхацца з мяне.
Нейкі зласлівец пачаў спаганяць свой пісьменніцкі сверб на вясковых платах, выводзячы крэйдай «Сцёпа + Валя = каханне».
Знешне я абураўся, сціраў надпісы, але ўнутры жыла надзея, што Валя ацэніць мае пачуцці.
Аднойчы вечарам мяне агарошыў бацька, сказаўшы на ўсю хату:
— Сцяпан, давай зашлём сватоў да гэтых вучоных! Дзеўка, відаць, добрая.
Я бразнуў дзвярыма і куляй вылецеў з хаты.
У школу назаўтра ішоў, як на шыбеніцу. Але на ўроку хіміі я атрымаў запіску ад Валі: «Сцяпан, запрасі мяне сёння ў кіно».
Здаецца, сонца ўсім сваім запасам святла і цяпла абрынулася на мяне. Я не верыў свайму шчасцю, не адчуваў пад сабой зямлі.
У кіно мы ішлі падкрэслена разам. Мне здавалася, што не толькі аднакласнікі, а і ўся вёска з зайздрасцю пазірае на нас.
Калі пачаўся фільм, я асмеліўся на нечуванае: ціхенька працягнуў руку і дакрануўся да Валіных пальцаў. Яна не прыняла рукі. Тады я ўвабраў усю яе далікатную ручку ў сваю разлапістую пяцярню. Валя, здавалася, засяродзілася на кіно, аднак сваю руку з маёй не вызваляла, нават другую паклала зверху на маю.
Фільм, здалося, праляцеў імгненна.