Беларускія тэксты

Песня

В. Хомчанка

Чытаць гэты тэкст лацінкай

Было свята, якое супала з нядзеляй. Іван Панасюк дастаў свае чатыры медалі і ордэн Айчыннай вайны II ступені. Доўга, старанна, каб выйшла роўненька, прышпільваў іх да пінжака. Звон медалёў прыемна аддаваўся ў душы казытлівым шчымленнем. Гэтыя ўзнагароды былі для Панасюка нечым большым, чым адзнакі яго храбрасці ў баях. Яны, нібы мосцікі, злучалі Івана з маладосцю, з той парой, калі ён яшчэ бегаў на дзвюх нястомных нагах.

Панасюк ішоў па тратуары, грукаючы сваёй пратэзнай нагой. Сонца блішчала ў вокнах дамоў і аўтамабіляў, акулярах людзей, надраеных да золата спражках салдат і на медалях Івана. Ён хацеў дачакацца святочнага салюту, пахадзіць па вячэрнім горадзе, паштурхацца сярод людзей. Ведаў, што на вуліцы выйдзе шмат франтавікоў. Можа, каго знаёмага сустрэне.

Да цэнтра горада даехаў на тралейбусе. Прайшоў да моста, дзе стоўпіліся людзі. Гулі магнітафоны, брынкала гітара. На беразе выстраілася каманда салдат з ракетніцамі. Івану хацелася пагаварыць з кім-небудзь, але вакол была адна моладзь.

Хлопцы з гітарай пачалі спяваць. Адзін з іх нястомна выконваў нейкія бессэнсоўныя песенькі. Людзі слухалі, рагаталі. Панасюк не вытрымаў, сказаў тым гітарыстам:

—Хлопчыкі, сёння ж Дзень артылерыі. Вы ваенную лесню заспявалі б.

Хлопцы замоўклі, а потым доўгавалосы дзяцюк узяў у спевака гітару і запеў знаёмую з часоў вайны песню пра сад і вясеннюю зару. Песня гэта Панасюку не падабалася: дужа яна бадзёрая, легкадумная.

Спявак, відаць, сам зразумеў гэта і абарваў яе на паўслове.

Тады заспяваў хлопец з белай, як кужаль, галавой. Не чуў Панасюк гэтай песні ні ў вайну, ні пасля. Прыслухаўся, стаіўся, бо ўзяла за душу з першых слоў. У той песні салдат гаварыў сваёй каханай, каб не чакала яго, бо ён не прыйдзе. Ніколі ён не вернецца, таму што забіты вясной сорак пятага ў Альпах.

У Панасюка падкаціўся да горла камяк, сэрца сціснулася. Кранула Івана песня, бо яна была пра яго сяброў-артылерыстаў: Сяргея, Стася, Кірыла… Гэта ж яны загінулі вясной сорак пятага ў Альпах.

Хоць Панасюк і стрымліваў сябе, каб не заплакаць, слёзы самі наплывалі на вочы. Ён прытуліўся да парэнчы моста, паклаў на сашчэпленыя рукі галаву. Азірнуўшыся, убачыў каля сябе сталага мужчыну, узрадаваўся, што ёсць з кім пагаварыць, падзяліцца думкамі.

Пачаў расказваць пра апошні свой бой у Альпах. Іх самаходкі напароліся на засаду і адразу ўспыхнулі факеламі. Тры экіпажы згарэлі поўнасцю. А ён, Панасюк, вылез і яшчэ здолеў выцягнуць Колю Краўчанку з машыны.

Вуліца раптам сцішылася, чакалі салюту. «Як перад атакай», — успомнілася Панасюку. Яму зноў захацелася пачуць песню пра забітага ў Альпах салдата.

—Сынок, — тузануў ён белагаловага за рукаў, — заспявай яшчэ. Гэта ты пра маіх сяброў спяваў. Я з імі гарэў у Альпах.

На яго з цікаўнасцю, як здалося Панасюку, з недаверам паглядзела ўся кампанія. Іван расшпіліў паліто, паказаў узнагароды.

I тут грымнуў залп. У неба пырснулі тысячы каляровых іскраў, асвяцілі горад, мост, парк, твары людзей.

Дамоў Іван вярнуўся каля адзінаццаці. Успаміналася яму песня.

Хацелася, каб адбыўся цуд: прыйшлі б да яго ў гэты святочны вечар тыя дзесяць сяброў-артылерыстаў, што згарэлі ў Альпах.