Песня птушкі
Я. Колас
У цеснай і моцнай турме аднаго вялікага горада сядзеў бедны асуджаны. Дрэнныя людзі закавалі яго ў ланцугі і кінулі ў турму.
У турме было сыра, цёмна і холадна. Замест пасцелі яму кінулі мокрую салому. Кармілі яго адным толькі хлебам і давалі адну ваду. Сядзеў ён там шмат гадоў, змучаны, бледны, хворы і нудны. Рэдка свяціла сонца ў яго маленькае і вузкае аконца, а свежае паветра не праходзіла ў турму. Сумна думаў бедны астрожнік пра сваіх дарагіх родных, пра маленькіх сваіх дзетак. Думаў ён, можа быць, даўно ўжо ўсе забыліся пра яго, лічаць нежывым. Што робіцца там, у далёкім родным краі, на зямлі?
Ён падышоў да аконца. Быў дзіўны летні вечар. Сонца апускалася ўжо да лесу, і ціха і хораша свяціліся яго верхавіны ў залатым бляску апошніх промняў. Па вуліцах ішлі і ехалі людзі. Турма была высокая, і людзі здаваліся маленькімі. Ён крыкнуў ім, але ніхто яго не пачуў. У сінім небе лёталі птушкі. Насупраць акна ціха пралятаў арол.
Папрасіў астрожнік арла сесці да яго на аконца і расказаць, што робіцца на зямлі, заспяваць яму песню.
— Не, — сказаў арол, — акно тваё надта малое, і мне недзе сесці. Я не раскажу табе, што робіцца на зямлі, бо рэдка апускаюся на зямлю. Я ўю гняздо сваё на самых высокіх курганах у гарах і на старых дубах, далей ад нягодных людзей, каб не разбурылі яны майго гнязда. Я не заспяваю табе песні, я ніколі не спяваю на зямлі. Я падымаюся высока-высока, і мае песні слухае толькі вечнае сонца.
I шырокімі ўзмахамі дужых крылаў арол горда падняўся да неба і схаваўся з вачэй.
Папрасіў астрожнік лебедзя расказаць яму, што робіцца на зямлі, і заспяваць песню. Але не мог лебедзь расказаць яму пра зямлю, бо плаваў заўсёды ў чыстай вадзе, між зялёнага чароту. А песні спяваў толькі перад тым, як паміраў.
Тады папрасіў астрожнік верабейчыкаў сесці на акенца, расказаць, што робіцца на зямлі, і заспяваць песеньку. Але верабейчыкі спяшаліся хутчэй падзяўбці зярнятак, што рассыпаў мельнік, і не мелі часу затрымлівацца каля акна.
I сумна апусціў галаву бедны астрожнік, і вострым болем заныла яго сэрца.
Раптам фыркнула шэранькая птушачка, павярцелася перад акенцам і села на жалезныя краты.
—Здароў, салавейчык! Дзякуй табе, мілая птушачка, што наведала мяне. Раскажы, што робіцца на зямлі, заспявай мне песню.
I заспяваў салавейка, і паліліся такія трэлі, што бедны астрожнік заплакаў з радасці і ўпаў на салому.
А салавейка спяваў, што раніцай прыляцеў ён да доміка астрожніка, сеў на зялёны арэхавы куст перад адчыненым акенцам і ўсё спяваў і спяваў. А цяпер ён спяваў астрожніку пра яго сыночка, якога бачыў учора ў калысцы пад акном, спяваў пра сваякоў, якія плачуць і ўспамінаюць яго, якія любяць яго і хочуць убачыць.
—Не маркоцься! — спяваў салавейка. — Бог бачыць, што ты невінаваты. Злыя людзі выпусцяць цябе, і ты зноў выйдзеш на волю, на свет, на чыстае паветра. Дзеці твае будуць цябе шанаваць і любіць… Будзе ціхі летні вечар, доўгія цені пацягнуцца ад дрэў, а ты будзеш, седзячы на ганку, расказваць сваім дзецям, як ты пакутаваў. Будзеш іх вучыць, каб яны, як вырастуць, не давалі злым людзям рабіць злых спраў, каб не крыўдзілі другіх людзей. I дзеці твае паслухаюць цябе. Як яны вырастуць, ты ўбачыш іх добрымі, чэснымі і справядлівымі. Ты будзеш жыць доўга-доўга. Валасы твае пасівеюць, але сэрца будзе радасна біцца.